Фігуранта «справы патрыётаў» Яўгена Палтаржыцкага перавялі пад хатні арышт


Меру стрымання хлопцу змянілі 19 траўня. Дагэтуль ён утрымліваўся пад вартай у СІЗА КДБ.

Яўген Палтаржыцкі нарадзіўся ў Паставах. Ён гісторык па адукацыі, вучыўся ў Польшчы на стыпендыі Каліноўскага. Яго затрымалі 21 сакавіка, а 30 сакавіка афіцыйна абвінавацілі ва ўдзеле ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, пазней да гэтага дадалі стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання.

Хлопец зʼявіўся ў відэасюжэце пра арганізацыю «Белы легіён».

Справа «аб падрыхтоўцы масавых закалотаў»: хада падзеяў. Таймлайн + свежы спіс фігурантаў

«Паступіла паведамленне, што 25 сакавіка на калону дэманстрантаў будзе здзейсненая атака прарасейскімі сіламі, якія могуць пакалечыць людзей. Нам сказалі, каб мы былі на пагатове. На ўсялякі выпадак. Каб можна было аказаць супраціў», – кажа ў відэасюжэце СТВ гісторык і былы стыпендыят праграмы ім. Каліноўскага Яўген Палтаржыцкі.

У матэрыяле гаворыцца, што хлопец паказаў праваахоўнікам «схрон» з боепрыпасамі. Сам Палтаржыцкі ў сюжэце пра боепрыпасы нічога не сказаў.

Агулам па справе «Белага легіёну» затрымалі 26 асобаў. За кратамі застаюцца 16 чалавек.

КДБ распачаў крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч.3 арт.293 КК РБ).

Нагадаем, што 21 сакавіка праваахоўнікі затрымалі Алеся Яўдаху і аднаго з экс-лідараў «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага. Акрываўленага Лазоўскага прывезлі дадому людзі ў масках для здзяйснення вобшуку.

Спіс затрыманых увесь час абнаўляе праваабарончы цэнтр Вясна.

ДР belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў