Фэст «Каго любіш? Люблю Беларусь!» не дазволілі праз «выцек этыленгліколю»


Менгарвыканкам адмовіў у правядзенні вялікага канцэрту, які планаваўся на 25 сакавіка.

У імпрэзе пагадзіліся прымаць удзел лепшыя беларускія рок-гурты: Trubetskoy, Akute, Лявон Вольскі, Vinsent, Крамбамбуля, Крама, Dzieciuki, Vuraj са Спеўным сходам, Amaroka, Амплітуда смеласці, Мутнаевока, Нейра Дзюбель, :B:N:, Разбітае сэрца пацана.

Афіцыйнай прычынай адмовы стала «ўцечка этыленгліколю», якая адбылася ў Палацы спорту яшчэ 21 лютага. Аднак рамантаваць сістэму холадазабеспячэння будуць не адразу пасля «аварыі», а чамусьці праз месяц – з 21 па 30 сакавіка.

Паводле кіраўніка «Арт Сядзібы» Павла Белавуса, арганізатары не хавалі мэтаў мерапрыемства, і шанец на атрыманне пазітыўнага адказу быў 50 на 50, але ўсё атрымалася прадказальна.

«Я не разумею, чаму чыноўнікі не могуць уцяміць, што забарона такіх фестываляў як «Каго любіш? Люблю Беларусь!» ці канцэртаў беларускіх гуртоў – гэта не толькі іміджавыя, але і фінансавыя страты для краіны», – піша Павел Белавус.

І прыводзіць падлік:

«На канцэрты па-за межамі Беларусі беларускіх гуртоў і выканаўцаў: Крамбамбулі, Brutto, Змітра Вайцюшкевіча і Лявона Вольскага збіраецца да 5 тысяч і больш беларусаў. На адну такую паездку (квіткі, дарога, харчаванне, гатэль, падарункі, закупы) адзін чалавек выдаткоўвае каля 200 долараў. Пяць тысяч чалавек вывозіць за адзін такі фестываль з Беларусі ў Літву, Варшаву ці Беласток мільён долараў. А такіх канцэртаў, з-за забаронаў у Беларусі, адбываецца 5-10 у год. Назавіце мне яшчэ хоць адзін сусветны прыклад: каб 5 тысяч чалавек з адной краіны ехалі на выходныя ў іншую суседнюю краіну, каб паслухаць песні гуртоў са сваёй краіны на роднай мове?»

Як вынікае з рашэння дырэктара Палаца спорту Сяргея Прановіча «правядзенне рамонтных працаў у лютым і на пачатку сакавіка зʼяўляецца немагчымым у сувязі з неабходнасцю выканання абавязальніцтваў па раней заключаных дамовах».

Пакуль невядома ці адменяць іншыя мерапрыемствы, якія па плану павінны адбыцца да «чысткі» – выставы і канцэрт расейскага шансанье Стаса Міхайлава.

Euroradio датэлефанавалася да супрацоўніцы агенцыі, якая супрацоўнічае з Палацам спорту, і выходзіць на тое, што ніхто нічога пра выпадак не чуў.

«У якім горадзе гэта адбылося? У Менску? Ведаеце, мы працуем у Палацы спорту – і ўсё тут у парадку. Канцэрт будзе. Не хвалюйцеся».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары