Фермеру з-пад Маларыты далі два месяцы арышту за «гвалт у дачыненні інспектара ДАІ»

video

Суд Берасцейскага раёну прызнаў 55-гадовага Мікалая Бяльчука вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Суддзя залічыў час утрымання абвінавачванага пад вартай з 12 кастрычніка па 1 снежня ў тэрмін прызначанага пакарання. Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Мужчына апошні месяц галадаў на знак пратэсту супраць гвалту і прыніжэнняў, якія ён зазнаў ад міліцыянтаў і працаўнікоў СІЗА.

Мясцовыя сілавікі старанна хаваюць гісторыю фермера.

Драматычная гісторыя канфлікту фермера з вёскі Страдзеч, што на Берасцейшчыне, пачалася ўвесну 2014 года са спробы праваахоўнікаў сканфіскаваць самаробны трактар.

Са словаў працаўніка ДАІ, транспартны сродак рухаўся па дарозе агульнага карыстання без неабходнай рэгістрацыі. Гэтыя звесткі зняпраўдзіў гаспадар ды адмовіўся аддаваць тэхніку. На падмогу фермеру прыйшлі аднавяскоўцы. Пачалася спрэчка. Са словаў працаўніка ДАІ, супраць яго быў ужыты гвалт. Сведчанні міліцыянта Бяльчук аспрэчыў. Аднак на яго завялі крымінальную справу і абвесцілі ў вышук.

Гісторыя атрымала нечаканы працяг у першай палове кастрычніка. У СІЗА трапіў брат Мікалая Бяльчука.

Адбылося гэта пасля арышту Мікалая ў вёсцы Страдзеч Маларыцкага раёну. Раніцою з лесу выйшлі шасцёра незнаёмых людзей, апранутыя ў чорнае. Пры іх не было ніякіх дакументаў. Без тлумачэнняў Бяльчуку заламалі рукі, выцягнулі на двор, заштурхалі ў аўта без апазнавальных знакаў і кудысьці павезлі. Людзі спрабавалі затрымаць невядомых. За аўтамабілем кінуўся брат Мікалая спадар Аляксандр. Ён думаў, што таго выкралі бандыты. У адказ прагучалі стрэлы. Аляксандра Бяльчука сурʼёзна паранілі, ён ледзь не загінуў.

Цяпер Аляксандр – таксама фігурант крымінальнай справы, за супраціў. Як выявілася, невядомыя ў чорным – не злачынцы, а міліцыянты пры выкананні службовых абавязкаў.


ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары