Фермерка з Курскай вобласці: «На апошнія грошы мы купілі 600 літраў саляркі і вырашылі спаліць гэтае поле»


Фермерка і студэнтка Анастасія Далгаполава з Курскай вобласці запісала відэазварот да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, у якім паабяцала спаліць свой ураджай, бо не мае магчымасці яго сабраць.

Фермерка распавяла, што адкрыла фермерскую гаспадарку, каб «дапамагчы сваёй Радзіме» ва ўмовах санкцыяў, аднак неўзабаве зразумела, што гэта «нікому не патрэбна».

Дзяўчыне ўдалося дабіцца аўдыенцыі ў губернатара Курскай вобласці, які загадаў перадаць ёй у арэнду 100 гектараў зямлі і старыя склады, аднак распараджэнне чыноўніка не было выкананае. Больш за тое, праз тры дні пасля сустрэчы з губернатарам склады спалілі.

Таксама фермерка не змагла атрымаць грант для маладых фермераў, бо ў яе «вельмі мала зямлі і няма патрэбнай тэхнікі». «Уладзімір Уладзіміравіч, скажыце, а што гэта за маладыя фермеры, у якіх ва ўласнасці ўжо ёсць больш за тысячу гектараў зямлі і  ёсць уся тэхніка?» – запыталася Далгаполава ў кіраўніка Расеі.

Нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы дзяўчыне ўдалося засеяць поле плошчай 60 гектараў. Паводле яе, вырас «выдатны ўраджай», але сабраць яна яго не можа.

«На апошнія грошы мы купілі 600 літраў саляркі і вырашылі спаліць гэтае поле, бо іншага выйсця ў нас няма», – заявіла Анастасія. Зрабіць гэта яна паабяцала ў прысутнасці журналістаў, каб перасцерагчы тых, хто вырашыць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай.

ЮВ, belsat.eu, паводле w-o-s.ru

Глядзі таксама
Каментары