Феномен Ле Пэн. Адкуль у Францыі ўзяліся лідары-нацыяналісты?


Адная з лідараў прэзідэнцкай гонкі Марын Ле Пэн («Нацыянальны фронт») абяцае, што цягам 6 месяцаў з пачатку свайго прэзідэнцкага тэрміну пачне перамовы аб выхадзе Францыі з Шэнгену, з зоны еўра, а потым зарганізуе рэферэндум аб выхадзе краіны з Еўразвязу. Што ж адбываецца на палітычным полі Францыі? Ці сапраўды французы хочуць развітацца з ЕЗ?

2016 год быў рэкордны для Францыі паводле колькасці прынятых імігрантаў – 85 700 заяваў на атрыманне прытулку. Няхай гэта менш, чымся прынялі італьянцы (121 200) ці немцы (722 300), наплыў уцекачоў ад вайны ў Сірыі, а таксама абвастрэнне старых гуманітарных крызісаў (Судане, Афганістане, Гаіці) зрабіў пытанне прыналежнасці да Шэнгену і Еўразвязу тэмай № 1 прэзідэнцкай кампаніі ў Францыі.

«Рэдкі выпадак, калі еўрапейскае пытанне стала займаць такое важнае месца ў праграмах кандыдатаў, як у гэтай кампаніі. Еўразвяз – вось што стала галоўнай лініяй дэбатаў паміж кандыдатамі на прэзідэнта Францыі», – піша былы дыпламат Пʼер Вімон (Pierre Vimont) у нататцы для Фонду Карнэгі.

Адкрытая ці закрытая Францыя?

На гэтае пытанне французы адкажуць у нядзелю, 23 красавіка. Французскія правыя нацыяналісты на чале з Марын Ле Пэн настойваюць на тым, што Шэнген больш не гарантуе бяспекі, а Францыя павінная аднавіць свае межы і ўзмацніць кантроль на іх. Апроч абароны межаў, Ле Пэн абяцае спыніць яднанне сем’яў ды ільготы для беспрацоўных мігрантаў. А таксама перагледзець, ці патрэбнае Францыі еўра ў якасці валюты.

Такія радыкальныя захады прапаноўваюць толькі нацыяналісты. Эманюэль Макрон, галоўны праціўнік Ле Пэн, мяркуе, што кантроль варта было б узмацняць на межах Шэнгенскай зоны, а не на межах асобных краінаў. І не можа быць гаворкі пра адасабленне Францыі ад Еўразвязу.

Па выніках папярэдніх галасаванняў Марын Ле Пэн і Эманюэль Макрон ідуць нага ў нагу, з невялікай перавагаю у бок апошняга (23 % Ле Пэн і 25 % Макрон).

Наступны ў чарзе да прэзідэнцкага крэсла – Франсуа Фіён прапаноўвае павялічыць бюджэт на ахову межаў Шэнгенскай зоны, а яшчэ адзін кандыдат Жан-Люк Мэляншон увогуле заклікае «спыніць мілітарызацыю палітыкі». Скрайнія левыя маюць вельмі невысокія рэйтынгі. Яны падтрымліваюць прынцып салідарнасці з усім светам і лічаць, што ўсе межы трэба зняць, як унутры Еўразвязу, гэтак і звонку.

Элізейскі палац

Якім чынам праварадыкалы вырваліся наперад у прэзідэнцкай гонцы ў Францыі?

Сацыялагічныя даследаванні кажуць, што радыкалы імпануюць маладым: 29 % сярод тых, хто будзе абіраць прэзідэнта ўпершыню, прагаласуюць у нядзелю за Марын Ле Пэн. І ў гэтай катэгорыі Макрон прагульвае ў рэйтынгах Ле Пэн. Пры гэтым, 60 % усіх, хто падтрымлівае «Нацыянальны фронт», галасуюць за прадстаўнікоў гэтай партыі, каб «выказаць пратэст супраць іншых палітыкаў», і толькі 40 % – праз тое, што цалкам падзяляюць ідэі скрайне правых.

«Глабальны палітычны кантэкст выдаўся спрыяльны для Марын Ле Пэн, тут можна адзначыць і недавер да эліты, які расце ў Францыі ў апошнія гады, атмасфера «злівання кандыдатаў» («dégagisme» ад франц. разм. dégager – зліцца, уцячы), як атрымалася з Сэсіль Дзюфлё, Нікаля Сарказі, Аленам Жупэ, Франсуа Аляндам, Арно Мантэбурам і Мануэлам Вальсам (Cécile Duflot, Nicolas Sarkozy, Alain Juppé, François Hollande, Arnaud Montebourg, Manuel Valls)», піша Эдзі Фуже (Eddy Fougier), палітолаг і даследчык Інстытуту сацыяльных даследаванняў (IRIS) у сваёй калонцы на huffingtonpost.fr.

«Магчыма, таксама прычына (папулярнасці Ле Пэн – Заўв. Belsat.eu) у тым, што гэтая прэзідэнцкая кампанія закруцілася акурат вакол такіх пытанняў, на якіх заўсёды спецыялізаваўся «Нацыянальны фронт»: бяспека, нацыянальная ідэнтычнасць, іміграцыя ды іслам, і гэты раскол, што мы назіраем, супрацьпастаўленне «левых» і «правых», а больш «патрыётаў» і «глабалістаў», гэтак кажа сама Ле Пэн, і асабліва гэта будзе так, калі ў другім туры яна сустрэнецца з Макронам».

Эмануэль Макрон

У той жа час, нягледзячы на прыблізна аднолькавы рэйтынг напярэдадні першага туру, у выпадку, калі ў другім застануцца Макрон і Ле Пэн, апытанні паказваюць упэўненую перамогу Макрона – 66 % супраць 34 %.

«Самая французская выбарчая сістэма вельмі складаная, каб дзяржаву ўзялі пад кантроль нацыяналісты: прэзідэнцкія выбары на два туры, а затым яшчэ, каб трымаць уладу, неабходна забяспечыць сябе большасцю галасоў Нацыянальнай Асамблеі ў ходзе парламенцкіх выбараў», – піша Эдзі Фуже.

Наагул, французскія медыі няшмат клапоцяцца пра тое, што Ле Пэн пераможа ў прэзідэнцкіх выбарах. Згадваецца восень 2015-га, калі ў мясцовых выбарах Нацыянальны фронт перамог у 43 дэпартаментах з 96 у першым туры, але ў большасці з іх не здолеў перамагчы сацыялістаў у другім. І гэта адбылося адразу пасля тэракту ў Парыжы.

Што будзе з Еўропай пасля выбараў у Францыі?

«Марын Ле Пэн – гэта не французскі Доналд Трамп», – піша Дэніс МакШэн, былы еўрапейскі міністр ад Вялікай Брытаніі – для часопісу «Independent». «Яна ўжо не новае дзіця прэзідэнцкага блоку. Гэта Эманюэль Макрон. Ён або хтосьці іншы ад правага цэнтру трапіць у другі тур з Марын Ле Пэн і атрымае прэзідэнцкую пасаду».

«Гэтыя выбары стануць вызначальныя для будучыні Еўразвязу, – піша партугальскі часопіс «Jornal de Négocios», – Нашмат больш вызначальныя за брэкзіт або выбары Доналда Трампа ў ЗША. Еўразвяз перацярпіць і новага амерыканскага прэзідэнта і «развод» з Вялікай Брытаніяй, нават калі гэта цяжка. Але без слупа Францыя-Германія больш не будзе Еўразвязу».

Агульны кантэкст выбараў у Францыі вельмі змяніўся з часоў папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі, асабліва ў апошні год. Да гэтага спрычыніліся: шок ад выхаду Вялікай Брытаніі з Еўразвязу, узмацненне папулізму ў палітыцы, міграцыйны крызіс.

Марын Ле Пэн абяцае, што цягам 6 месяцаў з пачатку свайго прэзідэнцкага тэрміну пачне перамовы аб выхадзе Францыі з Шэнгену, з зоны еўра, а потым зарганізуе рэферэндум аб выхадзе Францыі з Еўразвязу. Гэтыя радыкальныя ідэі гучаць у краіне, дзе 70 % грамадзянаў выказваюцца «за» Францыю ў Еўразвязе. Пры гэтым, 72 % французаў збіраюцца ісці на выбары ў нядзелю, але 43 % з іх яшчэ не вырашылі дакладна, за каго будуць галасаваць, адзначаецца ў даследаванні Інстытуту палітычных даследаванняў CEVIPOF.

«Неабходна прызнаць, што ўся электаральная логіка парушаная. Усё адбываецца, быццам палітычная прапанова больш не адпавядае запыту выбарцаў, і вынік тут прадказаць немагчыма. Тут мы ніяк не абаронімся ад выбару «меншага зла», ад рашэнняў апошняй хвіліны, а таксама «а чаму б і не?», скарочанага да простага скептыцызму», – піша Люк Рубан (Luc Rouban) з Нацыянальнага цэнтру навуковых даследаванняў.

Вераніка Чыгір, belsat.eu, паводле francetvinfo.fr, lemonde.fr, jornaldenegocios.pt, independent.co.uk, lepoint.fr, courrierinternational.com

Стужка навінаў