Феерыя ў Берасці: карнавал, пікеты апазіцыі і пільнасць КДБ


На дзень гораду ў Берасці адбыўся карнавал, удзел у якім прынялі прадпрыемствы гораду. Для гэтага на гадзіну перакрылі рух транспарту на цэнтральных вуліцах Машэрава і Леніна. Карнавал расцягнуўся на некалькі кіламетраў, а яго ўдзельнікамі сталі працаўнікі прадпрыемстваў гораду, спартоўцы і дзеці. Планавалася, што ў карнавале возьмуць удзел і госці з Венесуэлы, але яны да Берасця не даехалі.

Увогуле горад над Бугам святкаваў свой 996 год нараджэння 1 жніўня. З гэтай нагоды акторы з 25 тэатраў у тым ліку адзін з Японіі прайшліся вуліцамі гораду. Тут жа расставілі свае пікеты прэтэндэнты на прэзідэнцтва Анатоль Лябедзька і Таццяна Караткевіч, якімі вельмі зацікавіліся мясцовыя начальнікі КДБ, міліцыі і чыноўнікі.

Святочная праграма стартавала роўна апоўдні ў суботу ад помніка 1000-годдзя Берасця. Адсюль касцюмаваным маршам па цэнтральных вуліцах гораду прайшліся ўдзельнікі першага берасцейскага форуму вулічных тэатраў. На свята гораду прыехала больш за 200 артыстаў, якія прадстаўляюць 25 тэатраў з сямі гарадоў Беларусі і японскага гораду Хірасіма.

На вуліцы Савецкай удзельнікі фестывалю зліліся з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Анатоля Лябедзькі і Таццяны Караткевіч. Прэтэндэнты прыехалі ды актыўна размаўлялі берасцейцамі.

Выступ лідара АГП у якім ён заявіў, што ў Беларусі няма выбараў і што ніхто не лічыць галасы, а прэзідэнта і парламент прызначаюць выклікала непадробную цікавасць сілавых структураў. Самымі зацікаўленымі гледачамі сталі начальнік КДБ па Берасцейскай вобласці Вячаслаў Язерскі і высокапастаўленыя міліцэйскія начальнікі.

Пагутарыць з апазіцыянерамі падыходзілі намеснік старшыні берасцейскага аблвыканкаму Леанід Цупрык і кіраўнік берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук, які нават сфатаграфаваўся з Таццянай Караткевіч.

На той жа вуліцы Савецкай быў выстаўлены пікет па зборы подпісаў за дзейнага кіраўніка краіны, але ён не выглядаў так ярка, як пікеты апазіцыйных прэтэндэнтаў, зборшчыкі подпісаў за Лукашэнку прызналіся, што на вулічных пікетах у параўнанні з мінулым выбарамі подпісы стала збіраць складаней, але таксама зборшчыкі подпісаў не сумняюцца, што народ даверыць Лукашэнку краіну яшчэ на пяць гадоў, бо не ў якім разе нельга звярнуць з курсу, якім краіна ідзе ўжо больш за дваццаць гадоў.

Пакуль жа ў берасцейцаў свята, сёння гараджанаў чакае шырокая канцэртная праграма, першы берасцейскі карнавал па вуліцах гораду і феерверк.

ЗЮ, belsat.eu

Стужка навінаў