ФБР падазрае беларуса і грамадзяніна Ізраілю ў спробе прадаць у Ірак боепрыпасы на $ 1 млн


Жыхара Баранавічаў Веньяміна Галынкіна і грамадзяніна Ізраілю Анры Шушана затрымалі працаўнікі Федэральнага бюро расследаванняў.

Паводле следства, яны хацелі нелегальна экспартаваць 500 000 адзінак боепрыпасаў для зенітных гарматаў ЗУ-23. 350 000 адзінак прызначаліся для пакупніка з Іраку і 150 000 для кліента з Судану. Падазраваныя цяпер знаходзяцца ў турме, піша амерыканскае выданне sun-sentinel.com.

Пасля арышту Галынкін распавёў агентам ФБР, што ў Беларусі да яго падышоў стары знаёмы з Сірыі. Ён прапанаваў яму $ 2500 за паездку ў ЗША, каб праверыць паляўнічыя вінтоўкі, якія пойдуць на продаж. Мужчына ведаў, што сума кантракту сягае $ 1 млн, але кажа, што паняцця не меў пра спробу прадаць снарады.

Паводле ФБР, Шушан вырабіў падробленыя дакументы, па якіх зброя павінна была экспартавацца ў Кіпр, Паўднёвую Афрыку ды іншыя краіны.

У кастрычніку Шушан паведаміў сваім інфарматарам (яго распрацоўвалі агенты пад прыкрыццём), што ягоны кліент з Іраку перавёў на рахунак $ 800 000, але банк іх не прыняў.

У лістападзе ён паведаміў, што план змяніўся і Галынкін прыедзе з Беларусі ў Паўднёвую Фларыду, каб праверыць тавар. Беларуса ён называў «давераным партнёрам» кліента.

Sun-sentinel.com паведамляе, што жыхар Баранавічаў прыляцеў у Нью-Ёрк 13 лістапада рэйсам з Масквы. Паводле Галынкіна, мэтай візіту было наведванне сваякоў і перамовы пра адкрыццё аўтабізнесу. Агенты ФБР сцвярджаюць, што ў яго быў нумар Шушана і паперы, звязаныя са спробай легалізацыі $ 800 000.

У Баранавічах Веньямін Галынкін займаецца ўласным бізнесам. Як паведамляе intex-press.by, свой бізнес ён пачынаў з продажу цукровай ваты напярэдадні развалу СССР. Да сярэдзіны 90-х у яго была швейная вытворчасць, некалькі крамаў і аўтазаправак, выдавецкі бізнес (заснавальнік газеты «Шаг»). Цяпер ён валодае невялікай гасцініцай, аграсядзібай і абʼектамі нерухомасці, якія ён здае ў арэнду.

Парталу tut.by удалося звязацца з кіраўніцтвам гасцініцы, якая належыць беларусу. Дырэктар гатэлю Анжэліка сказала, што ніхто не верыць у паведамленні замежных медыяў.

МУС і беларуская амбасада ў ЗША пакуль не валодаюць інфармацыяй пра затрыманне жыхара Баранавічаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле intex-press.by, tut.by, sun-sentinel.com

Стужка навінаў