«Фарысеі нашых часоў». Дырэктарка «Белсату» пра рэакцыю на «ажылага» Бабчанку


«Я прашу дух Эрыка Блэра (Джордж Орўэл), калі ён недзе ёсць, каб падтрымаў мяне і даў мне вытрыманасці ў барацьбе з карыснымі ідыётамі. Яны нашмат страшнейшыя за аўтаматныя чэргі, а нават і за пушачныя стрэлы», – піша Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Кіраўнік арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстоф Дэлюар заявіў, што лічыць спецаперацыю СБУ маніпуляцыяй і новым крокам у інфармацыйнай вайне. Дэлюар падкрэсліў: «Сумна, што ўкраінскія спецслужбы гуляліся з праўдаю, незалежна ад прычыны». Праваабарончая арганізацыя «Камітэт абароны журналістаў» заявіла, што «расследуе гэтую беспрэцэдэнтную сітуацыю», і патрабуе тлумачэнняў ад украінскага боку.

«Фарысеі нашых часоў»

На фота вышэй – шэф «Рэпарцёраў без межаў». Што за неверагодны, надзьмуты ідыёт. Зашмат часу забрала б абмеркаванне ўсяго, што ён сказаў у інтэрв’ю-каментары аб справе спецаперацыі ды інсцэніяванага забойства расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі… Але найважнейшае, што там ёсць, – пра тое, што павінен рабіць журналіст, жыццё якога пад пагрозаю. Павінен, разумееце, наняць ахову або схавацца ў вёсцы, каб застацца дастаткова этычным. Ні ў якім выпадку не можа дапамагаць нейкім дзяржаўным службам схапіць замоўцу. І яшчэ пра тое, што этычны журналіст не можа правакаваць супраць Расеі фальшывых абвінавачанняў у нейкім забойстве, бо ніякага ж забойства не было.

У самы гарачы час Майдану, а потым з пачатку вайны на Данбасе я спрабавала зацікавіць міжнародныя арганізацыі (сярод іншага, Камітэт абароны журналістаў, які гэтак пераймаецца справаю Бабчанкі, «Рэпарцёраў без межаў», Еўрапейскую федэрацыю журналістаў) справамі пацярпелых падчас сутычак, а потым і выкраданых украінскіх журналістаў.

Гэта быў занятак, цяжэйшы за разбіванне прыдарожных камянёў.

Давайце скажам сабе наўпрост і шчыра: нікога, да халеры, не цікавіў лёс тых дзікіх «абарыгенаў», якія часцяком дзеялі з нейкаю падазронаю – патрыятычнай – матывацыяй на баку, які ТАКСАМА не святы і напэўна таксама мае шмат на сумленні.

«Таксама»? Я прыглядзелася да сайту Камітэту абароны журналістаў (CPJ): не «таксама» – а ў асноўным! Калі вы раптам не ведаеце, то падчас вайны найбольш трапілі пад пераслед за сваю нібыта журналісцкую дзейнасць прадстаўнікі прапуцінскіх, расейскіх медыяў ва Украіне. А не нейкія нікому не вядомыя абадранцы з Кіева, якія працуюць за смешныя грошы ў страшных умовах вайны, выкраданыя расейскімі вайскоўцамі, трыманыя ў падвалах або катаваныя «сепаратыстамі». Прынамсі гэтак вынікае з сайту CPJ.

За кожную зацемку на старонцы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў пра пераслед або нават зняволенне і катаванне ўкраінскіх журналістаў мы з Даротай Зяліньскай ад імя Таварыства польскіх журналістаў (SDP) вялі тытанічную барацьбу. А ў выніку і так з’яўлялася толькі адная з трох.

І цяпер гэтыя фарысеі вучаць людзей, жыццё якіх бывае пад рэальнаю пагрозай, як тыя мусяць сябе паводзіць.

Я прашу дух Эрыка Блэра (Джордж Орўэл), калі ён недзе ёсць, каб падтрымаў мяне і даў мне вытрыманасці ў барацьбе з карыснымі ідыётамі. Яны нашмат страшнейшыя за аўтаматныя чэргі, а нават і за пушачныя стрэлы. У сваю чаргу гэта няпроста: адрозніць подласць ад глупства.

P.S.: Пра самую справу Бабчанкі яшчэ напішу пару словаў, але якая б ні была спецаперацыя СБУ (а пакуль нічога не гаворыць пра тое, што няўдачная ці безвыніковая) і наколькі моцна скарумпаваны ці не шэф гэтай службы, гэта не змяняе таго, што напісана вышэй.

Глядзі таксама
Каментары