Фальклорны фестываль у Горадні... з міліцэйскімі сабакамі?


Навошта на свяце народных песень і танцаў выступаць супрацоўнікам міліцыі? А гэта чакаецца на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. Ён чарговы раз пройдзе ў Горадні, пачатак – 1 чэрвеня.

Чым здзівіць?

Праблема гэтага свята, якое праводзіцца з 1996 года, у тым, што складана прыдумаць нешта новае. Вядома, асноўнае ў праграме – танцы, песні, народныя касцюмы, стравы нацыянальнай кухні. І на кожным кроку жароўні з шашлыкамі. А заўсёды хочацца што-небудзь новенькае прыдумаць, здзівіць! І вось ахоўнікі правапарадку распрацавалі сваю праграму. Хоць якое яны могуць мець дачыненне да фальклору?

У міліцэйскай праграме – выступленне службовых сабак. З кінолагамі. Далей: выстава ўзбраення, спецыяльных сродкаў, службовых матацыклаў і машын. АМАПу, ДАІ і іншых падраздзяленняў.

У Інтэрнэце з’едлівыя заўвагі. Напрыклад: «І людзі ў цывільным будуць? З паказальнымі выступленнямі?» «Ага, адказваюць скептыку, – у трэніках. І паказальныя затрыманні абавязкова». Хтосьці яшчэ імгненна далучаецца да абмеркавання: маўляў, «трэба халопаў дубінкамі перыядычна палохаць, каб не забывалі – дзе іх месца».

«Прадаўцы парадку рэкламуюць свае паслугі». «Кулямётныя вышкі па кутах будуць?» – іранізуюць жартаўнікі. «Вось-вось, хай пакажуць дзеянні супрацоўнікаў АМАПу, ціхароў у цывільным. А затым – экскурсія ў аўтазаку і шаблонны пратакол па ліпавых «сведчаннях» супрацоўнікаў».

І нарэшце апошні каментар – «а якім гэта бокам мае дачыненне да нацыянальных культур?» І сапраўды. Танцы народаў свету ў міліцыі наўрад ці развучваюць.

Усіх даглядалі

Рэспубліканскі фестываль у Гродне праводзіцца кожныя два гады. Якія два назіранні можна вылучыць? Першае: спачатку на кожным кроку прадавалі гарэлку. Потым забаранілі продаж у святочныя дні ў цэнтры горада і ў ваколіцах. Другое: спачатку міліцыі было не так і густа, не вылучалася на фоне публікі і людзей у фальклорных строях. Аднак па меры таго, як у Беларусі закручваліся гайкі, што тычыцца свабод, свята ў пэўным сэнсе слова загналі ў «рэзервацыю». Асобныя тэрыторыі ў цэнтры сталі абавязкова агароджваць, ставіць КПП, на якіх дзясяткі «вартавых парадку» даглядалі кожнага, а гэта былі тысячы людзей. Стваралася ўстойлівае ўражанне, што куды ні ступі – усюды догляд.

Толькі ў мінулы раз нешта пачало мяняцца, міліцыя на фестывалі менш абгароджвала і даглядала. Магчыма, так будзе і цяпер. Фестываль у Гродне па вызначэнні павінен быць вясёлым рознакаляровым святам. І з такім настроем на яго прыходзяць і прыязджаюць людзі. Сем’ямі, з дзецьмі. А цяпер яшчэ ўпершыню будзе мноства бязвізавых турыстаў з-за мяжы. Няўжо без міліцыі на кожным кроку нельга?

Не ўсюды так

Кожны раз паўтараюць, што такога фестывалю як у Горадні, больш няма нідзе ў свеце.

Аднак у многіх краінах праводзяцца падобныя мерапрыемствы. Але, вядома, толькі без ніякай пампезнасці, без пафасу. І звычайна без такіх міліцэйскіх ачапленняў і даглядаў.

Падобны фестываль праходзіць у Варшаве і ён выдатна кантрастуе з гарадзенскім. У вядомым турыстычным месцы – вуліцы Кракаўскае прадмесце перакрываюць рух, адкрываюць пляцоўкі прадстаўнікоў розных дыяспар, хто сёння жыве або вучыцца ў Польшчы.

Ніякіх паліцэйскіх «брамак», ніякіх ператрусаў. Хаця – побач прэзідэнцкі палац!
Прычына такога кантрасту менавіта ў тым, што ў Беларусі не адчуваюць – у якім выпадку патрэбна міліцэйская прысутнасць. У Варшаве мноства паліцыі з’яўляецца, напрыклад, калі на вуліцах багата разгарачаных заўзятараў, якія бываюць непрадказальныя, адрозніваюцца агрэсіўнасцю. У нас жа міліцыю наганяюць ў цэнтр звычайна калі ў горадзе праходзіць фестываль нацыянальных культур.

Ад якіх хуліганаў неабходна абараняць гродзенцаў і гасцей на свяце? Калі нават п’яных звычайна не прадбачыцца? «Рэалізацыя алкагольных напояў строга забаронена!»

Алесь Панятоўскі, «Белсат». Фота аўтара

Стужка навінаў