«Фактычна разграмілі офіс». У аршанскіх дэмакратычных актывістаў канфіскавалі кампʼютары


Ператрус у офісе дэмакратычных сілаў

Ператрус у офісе дэмакратычнай кааліцыі ў Воршы скончыўся адабраннем аргтэхнікі на экспертызу.

Пра гэта распавёў кіраўнік аршанскага аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Анішчанка.

«Забралі нават чорна-белыя ксераксы, на якіх нібыта друкаваліся грошы. Тэхніка адабраная ў Следчы камітэт мінімум на месяц», – распавёў Яўген Анішчанка.

Паводле яго, канфіскаваную тэхніку ўжывалі сярод іншых журналісты рэгіянальнага сайту Orsha.eu, які размяшчаў у тым ліку інфармацыю пра акцыю 12 сакавіка ў Воршы супраць дэкрэту № 3 «Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства».

«Фактычна разграмілі ўвесь офіс», – адзначыў Яўген Анішчанка, дадаўшы, што ператрус стаў «ударам на апярэджанне» ад сілавікоў у Воршы, дзе пачалі з’яўляцца ўлёткі аб правядзенні пратэставага маршу.

Увечары 6 сакавіка міліцыянты разам з прадстаўнікамі Следчага камітэту прыехалі ў офіс аршанскіх дэмсілаў па адрасе Чырвонаармейская, 13, нібыта па сігнале «аб вырабе фальшывых грошай». У гэты момант у офісе знаходзіліся каля 15 актывістаў.

«У выніку ператрусу ніякіх фальшывак, зразумела, не знайшлі», – напісана на сайце Orsha.eu.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН, фотаздымкі Orsha.eu

Стужка навінаў