Facebook запускае тэставае карыстанне кнопкай «не падабаецца» у паведамленнях


Фота techcrunch.com

Facebook тэсціць новую опцыю эмоджы для мэсэнджэра, паведамляе сайт techcrunch.com. У тым ліку, цяпер пад паведамленнем у прыватных размовах можна паставіць «дыслайк».

Некаторыя карыстальнікі Facebook цяпер маюць магчымасць адрэагаваць на паведамленні ў чатах з дапамогай набора эмоджы. Кожны з удзельнікаў размовы зможа ўбачыць колькасць лайкаў, а таксама рэакцый «сумна», «каханне», «здзіўлены», «раззлаваны» для кожнага паведамлення, падобна да таго, як гэта працуе для публікацый у стужцы навінаў. Акрамя таго, у наборы эмоджы ў чатах з’явіцца кнопка «не падабаецца».

Facebook пацвердзіў тэставы рэжым новай опцыі і пракаментаваў, што яны «заўсёды шукаюць варыянты зрабіць мэсэнджэр больш цікавым і прывабным. Гэта невялікая спроба дае карыстальнікам магчымасць адрэагаваць на паведамленні з дапамогай эмоджы, што больш яскрава паказваюць іх пачуцці».

Фота techcrunch.com

Не гледзячы на тое, што карыстальнікі Facebook доўгі час чакаюць з’яўленне кнопкі «дыслайк», адміністрацыя сацсеткі не спяшаецца дадаваць гэтую опцыю ў набор эмоджы да публікацый стужкі. Яны лічаць, што гэта можа справакаваць зашмат негатыву.

Што датычыцца мэсэнджэра, то тут кнопка «не падабаецца» павінна ўспрымацца як звычайнае «не». Лічыцца, што людзі часта выкарыстоўваюць мэсэнджэр для планавання і каардынацыі каманднай працы. Гэты эксперымент пакажа ў тым ліку, ці могуць эмоджы зрабіць гэты тып камунікацыі ў мэсэнджэры больш эфектыўным, напрыклад, для выпадкаў галасавання. Для Facebook гэта спосаб зрабіць мэсэнджэр больш канкурэнтаздольным для бізнэс-камунікацый у параўнанні з Snapchat, Line, Slack і іншымі.

Эмоджы з’явіліся ў стужцы навінаў Facebook прыкладна год таму і даказалі сваю папулярнасць. Больш за ўсё карыстальнікі ціснуць кнопку «каханне» – больш за палову ад усіх астатніх рэакцый.

ВЧ, паводле Techcrunch.com

Глядзі таксама
Каментары