«Facebook» перадаваў персанальныя дадзеныя карыстальнікаў мінімум 60 кампаніям


Кампанія «Facebook» за апошнія дзесяць гадоў заключыла пагадненні аб перадачы дадзеных карыстальнікаў сацыяльнай сеткі як мінімум з 60 кампаніямі – вытворцамі мабільных прылад, уключаючы «Apple», «Amazon», «BlackBerry», «Microsoft» і «Samsung».

Як піша «New York Times», «Facebook» даваў кампаніям-партнёрам доступ да дадзеных карыстальнікаў і іх сяброў без іх згоды нават пасля таго, як заявіла, што больш не будзе перадаваць падобную інфармацыю трэцім бакам.

Паводле выдання, некаторыя партнёры «Facebook’у» мелі доступ да інфармацыі аб сямейным становішчы карыстальніка, яго рэлігійных і палітычных поглядах, а таксама аб мерапрыемствах, якія ён збіраўся наведаць.

Прадстаўнікі «Facebook’у» сцвярджаюць, што ўсе дамовы аб доступе да дадзеных карыстальнікаў не парушаюць заканадаўства і палітыку прыватнасці. У кампаніі запэўніваюць, што партнёрскія пагадненні маюць на ўвазе абмежаванае выкарыстанне дадзеных карыстальнікаў, і «Facebookʼу» не вядомы ніводзін выпадак злоўжывання імі.

Аднак апытанымі выданнем «New York Times» эксперты лічаць, што гэта можа пагражаць бяспецы і прыватнасці карыстальнікаў.

У пачатку сакавіка стала вядома, што лонданская кампанія «Cambridge Analytica» збірала дадзеныя карыстальнікаў «Facebookʼу», каб выкарыстаць іх у палітычнай рэкламе. Кіраўнік сацыяльнай сеткі «Facebook» Марк Цукербэрг прызнаў, што сацыяльная сетка дапусціла памылкі. Праз уцечку дадзеных у Cambridge Analytica Цукербэрг быў вымушаны даваць паказанні ў кангрэсе ЗША і Еўрапарламенце.

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў