ЕЗ афіцыйна зняў санкцыі з Лукашэнкі і яшчэ са 169 беларускіх чыноўнікаў


Еўрапейскі Звяз не будзе працягваць эканамічныя санкцыі ў дачыненні да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 169 беларускіх чыноўнікаў. У панядзелак Рада Еўразвязу пастанавіла адмяніць візавыя забароны і замарожванне актываў кіраўніка Беларусі.

ЕЗ пакідае ў сіле эмбарга на пастаўкі Беларуссю ўзбраенняў, а таксама санкцыі ў дачыненні да чатырох высокапастаўленых (у свой час) сілавікоў, якіх Захад лічыць датычнымі да знікненняў у 1999-2000 гадах палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Рашэнне аб зняцці часткі санкцый супраць уладаў Беларусі ўступіць у сілу 16 лютага.

Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека і дэмакратычных працэдур у 1998 годзе. У 2006 годзе санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўвялі ЗША.

Хто быў у спісе?

Візавыя абмежаванні і блакаванне магчымых рахункаў у замежных банках тычыліся кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і двух ягоных старэйшых сыноў; кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, кіраўніка КДБ і цэлага шэрагу міністраў, чыноўнікаў, суддзяў.

У спісе прадпрыемстваў і арганізацыяў, якія трапілі пад санкцыі, былі, да прыкладу, «Белтэхэкспарт», заняты экспартам узбраенняў і прадукцыі падвойнага прызначэння; піваварная кампанія «Ракаўскі бровар»; футбольны клуб «Дынама» ды іншыя.

Санкцыі ўводзілі, адмянялі і зноў уводзілі

«Некаторыя чальцы ЕЗ лічаць, што найлепшы спосаб палепшыць сітуацыю – зняць санкцыі, а некаторыя краіны мяркуюць, што ўсё ж лепей пакінуць шэраг санкцыяў», – паведаміла агенцтву «France Presse» крыніца ў Радзе ЕЗ.

Іншая крыніца ў Бруселі сказала агенцтву, што ў ЕЗ хацелі адзначыць ролю Менску ў наладжванні дыялогу паміж Масквой і Кіевам ва ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.

У лютым 2015 года ў Менску адбылася сустрэча «нармандскай чацвёркі» па Украіне. Тады Лукашэнка заявіў аб імкненні наладзіць адносіны з ЕЗ і папрасіў Маскву «не напружвацца» з-за рашэння Менску нармалізаваць адносіны з Захадам.

У кастрычніку мінулага года Рада ЕЗ пастанавіла прыпыніць на чатыры месяцы (да 29 лютага 2016 года) санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў.

Санкцыі часова былі знятыя з кампаніяў «Белтэхэкспарт», «Белтэххолдынг», «Спецпрыборсервіс» ды іншых.

Як патлумачылі тады ў Бруселі, пастанова была прынятая ў адказ на вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў 22 жніўня і ў кантэксце паляпшэння адносін паміж ЕЗ і Беларуссю.

Пры гэтым у ЕЗ адзначалі, што «санкцыі могуць быць зноў уведзеныя ў любы момант, калі гэта будзе апраўдана».

ЕЗ ужо аднойчы адмяняў санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі ў 2008 годзе, аднак у 2011 годзе санкцыі былі зноў уведзеныя Еўрапейскім Звязам – пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і арыштаў удзельнікаў Плошчы-2010.

Улады Беларусі неаднаразова выказваліся за адмену санкцый. Афіцыйны Менск сёння заяўляе аб намерах актыўна развіваць адносіны з Еўропай і ЗША.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў