Еўразвяз: Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых


Пра гэта заявіла прэс-сакратарка Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў Мая Качыянчыч.

«Затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі», – адзначыла яна. – «Еўрапейскі саюз застаецца прыхільным стабільнай, дэмакратычнай і паспяховай будучыні Беларусі на карысць яе народа і працягне сваю працу над гэтай мэтай. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення затрыманых».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў spring96.org, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Беларусі агулам было затрымана амаль 80 чалавек. Сярод іх 19 журналістаў і блогераў, якія асвятлялі акцыі.

У гарадах, дзе планаваліся і праводзіліся акцыі, зафіксаваны ператрусы і адбыліся прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў.

Ператрус у офісу АГП ў Бабруйску

Глядзіце з 0:56 секунды. Міліцыянты адбіраць асабістыя рэчы ў жанчыны.

Пасля акцыі ў Маладзечне 10 сакавіка былі затрыманыя і асуджаныя на 15 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве лідар АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, і лідар Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Пасля акцыі ў Воршы ў нядзелю, 12 сакавіка, быў затрыманы сустаршыня БХД Павел Севярынец. Яго таксама арыштавалі на 15 содняў.

Стала вядома і пра так званыя «завочныя суды». На 13 содняў асудзілі гомельскага відэаблогера-актывіста Максіма Філіповіча, на 14 содняў па непацверджанай інфармацыі забралі з хаты ў Гомлі грамадскага актывіста, сына Юрыя Рубцова, Віктара. (Updt. Віктар пакуль што дома)

Акцыі супраць дэкрэту № 3 праводзяцца ў розных гарадах Беларусі. Першая акцыя адбылася 17 лютага (відэа). Пазней сакавік быў аб’яўлены дэмакратычнымі сіламі і грамадскасцю месяцам пратэстаў супраць налога на беспрацоў’е.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выказаў думку, што затрыманні журналістаў і арышты грамадскіх актывістаў пагражаюць вядзенню дыялога паміж Беларуссю і Захадам, які так старанна выбудоўваўся беларускімі ўладамі апошнім часам. Паводле спадара Бяляцкага, Еўразвяз вымушаны будзе адрэагаваць на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

«На гэтым тыдні – два візіты. Будзе намеснік міністра замежных справаў Нямеччыны, таксама намеснік міністра замежных справаў Бельгіі. Вядома ж, інфармацыя пра затрыманні і арышты журналістаў і ўдзельнікаў мірных масавых акцыяў будзе ім даведзеная».

Афіцыйных каментараў уладаў з нагоды заявы Еўразвязу пакуль не было.

Палітычныя лідары ўжо называюць падзеі ў краіне не інакш, як «беларуская вясна».

Волха Давыдава, belsat.eu паводле belapan.by

Глядзі таксама
Каментары