Еўразвяз яшчэ на год працягнуў санкцыі супраць 4 беларускіх чыноўнікаў і не скасаваў эмбарга на зброю


Рада Еўропы працягнула санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Менску да 28 лютага 2018 году. У ліку санкцыяў – эмбарга на пастаўкі зброі, а таксама забарона на ўезд чатыром асобам, пра якіх сказана, што яны маюць дачыненне да знікненняў людзей у 1999–2000 гадах.

Уезд у Еўразвяз забаронены Ўладзіміру Навумаву, Дзмітрыю Паўлічэнку, Юрыю Сівакову і Віктару Шэйману. Еўразвяз падазрае іх у датычнасці да знікнення ў траўні 1999 году былога міністра унутраных справаў генерала Юрыя Захаранкі, у верасні 99-га – віцэ-спікера Вярхоўнага Савету, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, у ліпені 2000 году – тэлеаператара Змітра Завадскага. Злачынствы дагэтуль не раскрытыя.

Таксама ў бок Беларусі дзейнічае эмбарга на зброю, але зроблена выключэнне: можна пастаўляць абсталяванне для біятлону пры ўмове, што ў кожным выпадку кампетэнтныя ворганы краіны, што купляе абсталяванне, дадуць папярэдні дазвол.

Супраць афіцыйнага Менску Еўразвяз скасаваў 15 лютага 2016 году большасць санкцыяў, што былі ўведзеныя ў 2004 годзе. Знятае блакаванне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзян Беларусі, у тым ліку, для Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння, а таксама суддзяў і пракурораў і трох кампаніяў.

Рада Еўразвязу падкрэслівае, што вітае крокі Беларусі ў галіне правоў чалавека і ў стасунках Беларусі з Еўразвязам.

Санкцыі супраць Беларусі таксама ўвёў Кангрэс ЗША ў 2007. У кастрычніку 2015 году, пасля прэзідэнцкіх выбараў, санкцыі афіцыйнага Вашынгтону былі часова прыпыненыя. У 2016 санкцыі пакінулі замарожанымі. На сёння іх не скасавалі і не аднавілі.

ВД, паводле consilium.europa.eu

Стужка навінаў