Еўразвяз скончыў праграму «эканамічнага выратавання» Грэцыі


У далейшым урад Грэцыі будзе самастойна прыцягваць сродкі на рынках капіталаў.

Упершыню з 2010 года Грэцыя здабыла стабільнасць.

У панядзелак 20 жніўня завяршаецца дзеянне трэцяга пакета фінансавай дапамогі Грэцыі. Здзейсненыя ў Грэцыі рэформы дазволілі закласці аснову для «здаровага і сталага» росту эканомікі, адзначыў кіраўнік Еўрагрупы Марыё Чэнтэра. Ён сказаў, што працэс працягнуўся «значна даўжэй, чым мы чакалі», аднак цяпер грэчаская эканоміка расце, з’яўляюцца фінансавыя лішкі ў бюджэце і гандлі, а таксама зніжаецца беспрацоўе.

У Нямеччыне мяркуюць, што грэчаская эканоміка зноў пачала ўяўляць цікавасць для інвестараў. Кіраўнік Федэральных аб’яднанняў нямецкай прамысловасці Ёахім Ланг заявіў:

«Спрыяльны канец еўрапейскай праграмы дапамогі – пазітыўны сігнал для самой Грэцыі і для ўсяго Еўразвязу».

У той жа час ён выказаў меркаванне, што грэчаскі ўрад павінен сканцэнтравацца на дэфіцытах на рынках кіравання, юстыцыі, працы і прадукцыі.

У сваю чаргу былы міністр фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс кажа, што дзярдоўг Грэцыі не зменшыўся, а вырас. У інтэрв’ю нямецкай газеце «Bild» ён заявіў:

«Грэцыя стаіць у тым жа самым пункце, у той жа чорнай дзіры, і з кожным днём усё больш у ёй захрасае, у тым ліку праз тое, што прадпісанні крэдытораў перашкаджаюць інвестыцыям і спажыванню».

НМ, belsat.eu, паводле DW, фотаздымак Alexandros Avramidis/ Forum

Стужка навінаў