Еўразвяз разблакоўвае працу над бязвізавым рэжымам для Украіны і Грузіі


Працэс скасавання візаў для ўкраінцаў і грузінаў зрушыў з мёртвай кропкі. Галоўнай перашкодай быў механізм экстранага прыпынення бязвізавага рэжыму.

Аднак тры кіроўныя органы ЕЗ – Еўракамісія, Еўрапарламент і Еўрапейская рада – дасягнулі кампрамісу па гэтым пытанні і распрацавалі дакумент аб плане прадстаўлення бязвізавага рэжыму грамадзянам Украіны і Грузіі. Пра гэта паведамляе агенцтва Reruters са спасылкай на свае крыніцы.

Пагадненне падпісалі позна ўвечары 7 снежня. Цяпер рашэнне накіруюць у Еўрапейскі парламент для зацвярджэння.

У ходзе саміту Украіна-Еўразвяз 24 лістапада старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і старшыня Еўрасавета Дональд Туск канстатавалі, што Украіна выканала ўсе ўмовы для адмены візавага рэжыму з ЕЗ. Юнкер не выключыў, што яшчэ да канца 2016 года ўкраінцы змогуць наведваць краіны ЕЗ без віз на тэрмін да 90 дзён.

Раней Рада Еўразвяза вылучала патрабаванне, каб адначасова з уступленнем у сілу бязвізавага рэжыму быў распрацаваны і механізм яго замарожвання. Такое патрабаванне выклікана ўнутрыпалітычнай сітуацыяй у абʼяднанай Еўропе, дзе цяпер востра стаіць пытанне міграцыі. Асабліва супраць адкрыцця межаў выступаюць Нямеччына і Францыя, дзе ў 2017 годзе пройдуць выбары.

Кіеў будзе прасіць еўрапарламентарыяў уключыць гэта пытанне ў парадак дня да канца года і прагаласаваць па ім на апошнім пленарным тыдні.

Раней Парашэнка заяўляў, што «ён упэўнены ў тым, што восенню Украіна атрымае бязвізавы рэжым».

ДР belsat.eu паводле reuters

Стужка навінаў