Еўразвяз прызнаў, што Павел Грыб быў незаконна выкрадзены ФСБ у Беларусі


У Еўразвязе лічаць выкраданне ўкраінца Паўла Грыба расейскімі спецслужбамі яшчэ адным прыкладам грубых парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабодаў, якія ўлады РФ ажыццяўляюць супраць грамадзянаў Украіны. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЕЗ ва Украіне.

У ЕЗ лічаць, што «неабгрунтаванае затрыманне» Паўла Грыба ўяўляе сур’ёзную пагрозу яго здароўю, паколькі ён патрабуе спецыяльнага медыцынскага лячэння, да якога ўсё яшчэ не мае доступу.

«У справе Паўла Грыба таксама выяўлена незаконнае выкраданне чалавека на тэрыторыі трэцяй краіны», – сказана ў заяве.

Брусель патрабуе вызвалення Грыба і іншых украінскіх грамадзянаў, якія неабгрунтавана знаходзяцца ў расейскіх турмах.

Напрыканцы жніўня бацька Паўла Грыба, былы супрацоўнік памежнай службы Украіны Ігар Грыб паведамляў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ пры дапамозе гэтай дзяўчыны. Журналістам удалося высветліць, што яе завуць Тацяна.

Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), ен быў у міжнародным вышуку. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.

Павел Грыб пакутуе на цяжкія хранічныя захворванні і яго сваякі мяркуюць, што ў турме яго стан здароўя значна пагоршыўся.

ІІ, belsat.eu, паводле ЛIГАБiзнесIнформ

Стужка навінаў