Еўразвяз папярэдне адобрыў адмену візаў для ўкраінцаў


Ужо хутка можа быць уведзены бязвізавы рэжым паміж ЕЗ ды Украінай.

Краіны Еўразвязу папярэдне адобрылі ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Украінай пры выкананні пэўных умоваў.

Пра гэта паведамляе агенцтва «Reuters» са спасылкай на крыніцу ў еўрапейскіх дыпламатычных колах.

Якія канкрэтна ўмовы мае выканаць украінскі бок, не паведамляецца.

Напярэдадні прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Украіна выканала сваю частку абавязальніцтваў, а таму «мае права чакаць адпаведнага рашэння з боку партнёраў ЕЗ (наконт бязвізавага рэжыму)».

Чытайце таксама >>> Без візы ў Польшчу ды яшчэ лоўкостам з гарадзенскага аэрапорту – мара ці будучыня?

У ліпені 2016 Еўрапейская камісія заявіла пра паспяховыя рэформы ва Украіне і выказала меркаванне, што бязвізавы рэжым будзе ўведзены ў кастрычніку. Сама ж прапанова краінам Еўразвязу ад Еўракамісіі ўвесці бязвізавы рэжым з Украінай была зробленая ў сёлетнім красавіку.

Бязвізавы рэжым будзе закранаць кароткатэрміновыя паездкі ўкраінцаў, якія маюць біяметрычныя пашпарты, у краіны Еўразвязу. Рэжым будзе дзейнічаць толькі для ўезду ў краіны Шэнгенскага пагаднення.

НМ, belsat.eu, паводле «Reuters»

Глядзі таксама
Каментары