Еўразвяз пачаў перасяляць уцекачоў: група эрытрэйцаў вылецела з Італіі ў Швецыю


У рымскім аэрапорце 19 учекачоў выпраўлялі міністры і еўракамісар. Мігранты паляцелі ў Швецыю, куды іх накіравалі ў адпаведнасці з планам Еўракамісіі.

5 жанчын і 14 мужчын, якія вылецелі ў Швецыю, зусім нядаўна прыбылі на італьянскую выспу Лампедуза з Эрытрэі.

Міністр унутраных справаў Італіі Анджэліна Альфана заявіў, што гэта «дзень перамогі салідарнай і адказнай Еўропы».

«Але таксама гэта дзень паразы. Гэта параза тых, хто лічыў, што крыкам і распаўсюдам страху сярод еўрапейцаў можна атрымаць нейкі пазітыўны вынік. Але гэта не так», – адзначыў Анджэліна Альфана.

Разам з ім развітацца з эрытрэйцамі прыйшоў еўракамісар у справе міграцыі і грамадзянства Дымітрыс Аўрамопулёс, а таксама міністр замежных справаў Люксембургу Жан Асэльборн.

У бліжэйшыя дні з Італіі ў Нямеччыну, Нідэрланды і іншыя краіны паедуць наступныя 100 чалавек, якія просяць прытулак. Увогуле цягам двух гадоў з Італіі ў іншыя краіны пераселяць 40 тыс. уцекачоў. Згодна з планам перасялення, краіны ЕЗ прымуць 160 тыс. мігрантаў, у асноўным з Італіі і Грэцыі.

З пачатку года ў Італію з Афрыкі прыбылі больш за 130 тыс. мігрантаў, якія цяпер знаходзяцца ў перапоўненых цэнтрах па ўсёй краіне.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl

Стужка навінаў