Еўразвяз аплоціць будаўніцтва дарогі ў Камянецкім раёне


У новым годзе Еўразвяз прафінансуе тры праекты на мяжы з Беларуссю.

БелТА паведамляе, што будаўніцтва абыходнага шляху вакол Высокага на Берасцейшчыне будзе прафінансаваны з бюджэту Еўразвязу. Новы праект праграмы транспамежнай супрацы «Польшча-Беларусь-Украіна» накіраваны на паляпшэнне транспартнай інфраструктуры памежнага пераходу «Пясчатка».

8-кіламетровая дарога злучыць міжнародны аўтадарожны пункт пропуску з міжнароднай транспартнай сеткай – трасай М1 / Е30. Максім Алданаў, кіраўнік прадстаўніцтва супольнага тэхнічнага сакратарыяту праграмы заявіў, што праект ужо ўхвалены:

«Праект будзе рэалізоўвацца пасля таго, як будуць выкананы ўсе фармальныя патрабаванні паміж Еўрапейскай камісіяй і Міністэрствам замежных спраў Беларусі. Яго будзе рэалізоўваць прадпрыемства «Брэстаблдарбуд».

Праграма, у якую ўвайшлі тры беларускія праекты, былі зацверджаныя Еўрапейскай камісіяй 17 снежня.

Апроч дарогі ў Камянецкім раёне, са сродкаў Еўразвязу збудуюць таксама аўтадарожны мост на памежным пераходзе «Бераставіца – Баброўнікі» ды ўдасканаляць інфраструктуру Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС. Са сродкаў Еўразвязу на фінансаванне лепшых транспамежных сумесных ініцыятываў будзе выдзелена 180 млн еўра.

У якасці прыярытэтных вызначаныя наступныя напрамкі: захаванне прыроднай і культурнай спадчыны, развіццё бяспекі памежжа, паляпшэнне сферы аховы здароўя і сацыяльных паслуг, кантроль над міграцыяй, развіццё інфармацыйных тэхналогіяў. На кожны з прыярытэтаў будзе выдзелена ў сярэднім ад 15 да 20 млн еўра.

«Цяпер праграма павінна прайсці этап падпісання фінансавага ўзгаднення паміж урадам Беларусі і Еўрапейскай камісіяй. Што тычыцца патэнцыйных бенефіцыяраў, то ім гэты год трэба выкарыстоўваць для пошуку партнёраў пад будучыя праекты. Мы са свайго боку дапаможам ім ды правядзем шэраг форумаў па розных тэмах», – адзначыў Максім Алданаў.

Першае пасяджэнне сумеснага назіральнага камітэту з мэтай абмеркавання ўмоваў запуску праграмы запланаванае на сакавік 2016 года.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў