Еўрапол: Расейская мафія з дапамогай футбольных клубаў адмывала грошы


У межах аперацыі «Матрошка» адбылося чарговае затрыманне расейцаў, якія займаліся махінацыямі ў Еўразвязу.

Паводле еўрапейскага паліцэйскага агенцтва (Еўрапол), расследаванне заняло каля года, а ў аперацыі, што была нядаўна праведзеная, бралі ўдзел 70 партугальскіх афіцэраў паліцыі.

Правялі вобшукі ў 22 дамах і кампаніях, уключаючы чатыры футбольных клубы. Падчас правядзення аперацыі канфіскавалі некалькі тысячаў еўраў наяўнымі (у асноўным у купюрах 500 еўраў).

Як адзначае «Reuters», вобшукі прайшлі ў лісабонскіх клубах «Бенфіка» і «Спортынг», а таксама ў клубе «Лейрыя», што выступае ў трэцім партугальскім дывізіёне. Ейны прэзідэнт, расейскі бізнесоўца Аляксандр Тоўсцікаў, затрыманы.

Вырашалі фінансавыя праблемы

У Еўраполе адзначаюць, што злачынная група знаходзіла еўрапейскія футбольныя клубы, у якіх былі сурʼёзныя фінансавыя праблемы, і аказвала ім дапамогу ахвяраваннямі або інвестыцыямі. Затым падобныя клубы набываліся на падстаўных прыватных асобаў, за спіной якіх хаваліся «непразрыстыя сеткі холдынг-кампаніяў, што належалі зарэгістраваным у афшорных зонах» і падатковых гаванях «фірмам-аднадзёнкам». Пасля ўсталявання кантролю рахункі футбольных каманд выкарыстоўваць для адмывання брудных грошай праз розныя акцыі на трансферным рынку і здзелкі з правамі на тэлевізійныя трансляцыі. Групоўка таксама ня цураліся махлярства са стаўкамі на вынікі матчаў.

Менавіта паводле гэтай схемы і быў набыты клуб »Лейрыі«, у якім, у прыватнасці, у 2001-2002 гадах працаваў вядомы трэнер Жазэ Мурынню. Каманда да 2012 года выступала ў вышэйшай лізе партугальскага чэмпіянату, пасля чаго, сутыкнуўшыся з фінансавымі цяжкасцямі, вымушаная была перайсці ў ніжэйшы дывізіён. Тоўсцікаў, які ўзначальвае агенцтва «D-Sports», якое яму ж і належыць, пачаў аказваць фінансавую падтрымку «Лейрыі» у 2014 годзе, а годам пазней стаў прэзідэнтам клубу, у якім зʼявіліся некалькі маладых расейскіх гульцоў.

У Еўраполе лічаць, што раскрытая ў Партугаліі крымінальная сетка існуе з 2008 года і, відаць, «уяўляе сабой адну ячэек важнай расейскай мафіёзнай групы, адказнай за адмыванне некалькіх мільёнаў еўраў у шмат якіх краінах Еўразвязу». Ужо цяпер гаворка ідзе пра дачыненне гэтай сеткі да сурʼёзных арганізаваных злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Германіі, Латвіі, Малдовы і Эстоніі.

Расейскі інтарэс

Расейскія бізнесоўцы не раз у апошні час набывалі праблемныя еўрапейскія футбольныя клубы. У 2003 годзе Раман Абрамовіч набыў ангельскі »Чэлсі«, даўгі якога на той момант, паводле некаторых дадзеных, перавышалі 100 млн фунтаў. У 2011 годзе іншы расеец – Дзмітрый Рыбалоўлеў – набыў французскі клуб «Манака», які знаходзіўся на мяжы банкруцтва. Ёсць і менш значныя здзелкі. У тым жа 2011 годзе былы мэр падмаскоўных Хімак Юрый Караблін стаў гаспадаром аднаго з найстарэйшых у Еўропе італьянскага клубу »Венецыя«, а бізнесовец Уладзімір Антонаў набыў ангельскі »Портсмут«, які апынуўся першым клубам-банкрутам у гісторыі Прэмʼер-лігі.

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў