Еўракамісія падала ў суд на Венгрыю, Польшчу і Чэхію за невыкананне квотаў па прыёме мігрантаў


фота АР

Еўракамісія падала ў суд на Польшчу, Венгрыю і Чэхію за невыкананне ўзгодненых з Еўразвязам нацыянальных квот па прыёме мігрантаў. Пра гэта паведаміў на брыфінгу ў Бруселі першы намеснік старшыні Еўракамісіі Франс Тымерманс.

«Еўракамісія прыняла рашэнне накіраваць пазоў у Еўрапейскі суд юстыцыі ў дачыненні да Польшчы, Венгрыі і Чэхіі за невыкананне сваіх абавязацельстваў па міграцыі. Паглядзім праўдзе ў вочы, гэта рашэнне не стала сюрпрызам для гэтых дзяржаў. Еўракамісія выдаткавала многія месяцы, дамагаючыся ад іх выканання гэтых абавязацельстваў», – падкрэсліў Тымерманс.

Паводле яго слоў, ЕК таксама прыняла рашэнне падаць пазоў у Еўрапейскі суд юстыцыі ў дачыненні да Венгрыі за прынятыя ў гэтай краіне законы аб няўрадавых арганізацыях і аб вышэйшай адукацыі.

У 2015 годзе Еўракамісія прапанавала ўвесці для ўсіх 28 краін ЕЗ квоты на прыём уцекачоў з ліку тых, якія нелегальна прыбылі ў Італію і Грэцыю. Супраць гэтага рашэння тады прагаласавалі Чэхія, Румынія, Венгрыя і Славакія. Польшча тады абавязалася прыняць на сваёй тэрыторыі 7 тысяч уцекачоў, але пасля змены кіруючай партыі працэс прыняцця мігрантаў быў спынены.

Еўракамісія нагадала пра штрафную працэдуру ў дачыненні да краін, якія не выконваюць папярэднія пагадненні ЕЗ.

КА, belsat.eu

 

 

Глядзі таксама
Каментары