Еўрабачанне-2017 у Кіеве: упершыню без Расеі і з беларускамоўнай песняй


9 траўня пачаўся першы паўфінал галоўнага ў Еўропе музычнага конкурсу «Еўрабачанне», які сёлета праходзіць у Кіеве.

Урачыстая цырымонія адкрыцця з удзелам жонкі прэзідэнта Ўкраіны Марыны Парашэнка адбылася ў комплексе «Паркавы» 7 траўня. Сам жа конкурс пройдзе на сцэне Міжнароднага выставачнага цэнтру, што знаходзіцца на Левым беразе Кіева.

Квіткі у афіцыйнага дыстрыб’ютара раскупілі яшчэ 12 красавіка. У апошнія дні перад пачаткам конкурсу іх прадаюць толькі па надзвычай высокіх коштах. Напрыклад, патрапіць у фан-зону можна за 7 тысяч грыўняў альбо 264 долары.

Запланаваныя выступы ўдзельнікаў з 43 краінаў. Беларусь прадставіць гурт Naviband. Канкурсанты ад Беларусі ўпершыню за ўсю гісторыю «Еўрабачання» выканаюць песню на роднай мове пад назвай «Гісторыя майго жыцця», раней жа па-беларуску спявалі толькі на «Дзіцячым Еўрабачанні».

Naviband заснавалі салісты Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук у 2013 годзе, з таго часу гурт выпусціў тры альбомы. Апошні – «Ілюмінацыя» – выйшаў сёлета 20 студзеня і ўключае ў сябе 8 трэкаў, сярод якіх конкурсная песня «Гісторыя майго жыцця». Паводле жараб’ёўкі, беларусы выступяць у другім паўфінале 11 траўня. А 13 траўня стане вядомы пераможца «Еўрабачання-2017».

Сёлетняй навіной «Еўрабачання» стала забарона афіцыйнага Кіеву на выступ расейскай спявачкі Юліі Самойлавай. У Крамлі такое рашэнне назвалі палітычным. Служба бяспекі Украіны забараніла той уезд на тэрыторыю краіны таму, што ў 2015 Самойлава выступала ў анексаваным Крыме, чым парушыла правіла перасячэнне ўкраінскай дзяржаўнай мяжы. Тым часам расейскія «Вести» паведамляюць, штоў адказ Першы канал адмовіўся трансляваць шоу. Аднак афіцыйнай заявы ад Першага каналу з гэтай нагоды пакуль не было.

Бяспеку падчас мерапрыемства забяспечаць каля 10 тысяч праваахоўнікаў, а пры ўваходзе на канцэртную пляцоўку будзе спецыяльны дагляд кожнага наведніка.

КА belsat.eu

Стужка навінаў