EUobserver: Беларусь можа пачаць перамовы пра адмену візаў з ЕЗ


Беларусь можа зрабіць першы крок у кірунку бязвізавага рэжыму з Еўразвязам ужо падчас травеньскага саміту Усходняга Партнёрства, што адбудзецца ў Рызе. Гэта адбудзецца, калі будуць вызваленыя палітзняволеныя, піша EUobserver.

Выданне цытуе латвійскага міністра замежных справаў Эдгарса Рынкевічса, які распавёў пра «новыя адкрыцці» у стасунках з Беларуссю і перспектыву пачатка перамоваў аб бязвізавым рэжыме з ЕС. Ён дадаў што пачатак перамоваў па візавай лібералізацыі можа таксама «вырашыць праблемы з грамадзянскімі свабодамі, якія мы маем».

У той жа час дзяржаўны сакратар латвійскага МЗС Андрэйс Пілздяговічс кажа, што ключ да пазітыўнага рашэння не што іншае, як вызваленне палітычных зняволеных.

«Мы не будзем пераглядаць нашу пазіцыю па пытанні палітвязняў. Яны павінны быць вызваленыя, трое з іх зараз знаходзяцца за кратамі. Мы працягваем аказваць ціск на Беларусь у справе іх вызвалення, а таксама ў справе правоў меншасцяў», – заявіў Пілдзяговічс у пятніцу ў Рызе.

«Ёсць спадзяванне, што мы пабачым пэўны прагрэс да траўня. На ўзроўні ЕЗ у нас нулявы прагрэс на працягу 20 гадоў – гэта горш за спячку», дадаў Пілдзяговічс.

Па словах Андрэйса Пілдзяговічса, у сувязі з расейскай агрэсіяй ва Украіне, Беларусь стала больш зацікаўленай у паляпшэнні стасункаў з Еўрапейскім звязам, асабліва што тычацца эканамічнай супрацы.

«Беларусь хоча быць прадстаўленая на рыжскім саміце на найвышэйшым узроўні, які магчымы», – адзначыў Юрыс Поіканс, латвійскі дыпламат, адказны за праграму Усходняга партнёрства.

Ён намякнуў на магчымую прысутнасць Лукашэнкі, які знаходзіцца ў чорным спісе ЕЗ. На яго думку, у параўнанні з адносінамі Беларусі з Еўразвязам двухгадовай даўніны, кантакты з Беларуссю сталі «больш інтэнсіўнымі».

НМ, belsat.eu, паводле EUobserver

Стужка навінаў