«Это всё не моё». Рэзідэнцыі кіраўнікоў Беларусі, Польшчы ды Украіны

video

Сядзіба «Краснасельскае» ля Шаршуноў нарабіла ў беларускай інфармацыйнай прасторы шмат шуму. І нягледзячы на дзясятак фактаў ды сведчанняў, якія звязваюць гэтае месца менавіта з Аляксандрам Лукашэнкам, інфармацыйны партал tut.by высветліў, што афіцыйна будынкі аформленыя на расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева.

Кіраўнік і вядоўца праграмы «следства-інфо» на грамадскім тэлебачанні Украіны Дмітро Гнап кажа, што такі расклад яму знаёмы:

«Абсалютна падобная сітуацыя была і ў Віктара Януковіча».

У чым падобнасць «Межыгорʼя» і «Краснасельскага»

Рэзідэнцыя «Межыгорʼе», дзе шмат часу праводзіў былы ўкраінскі прэзідэнт, таксама была выведзеная з дзяржаўнае ўласнасці.

«Зямельны надзел незаконна прадалі, пазней на ім пабудавалі шыкоўную рэзідэнцыю, якую аформілі на прыватныя структуры. Януковіч адмаўляў што ён там жыве, казаў, што ягоны домік побач, а самая рэзідэнцыя належыць да міжнародных інвестараў, хоць гэта былі не інвестары, а афшоры», – дадае Дмітро Гнап.

Што праўда не з Кіпру, як у выпадку з сядзібай «Краснасельскае».

«Межыгорʼем» валодала ўкраінская кампанія, якой валодала аўстрыйская кампанія, якой валодаў ліхтэнштэйнскі траст. Недзе за паў гады да ўцёкаў Януковіча з краіны, «Межыгорʼе» «перапісалі» на блізкага яму алігарха – Сяргея Клюева. Як і ў выпадку з «Краснасельскім» заўсёды можна сказаць:

«Гэта ўсё не маё, гэта ягоная маёмасць, ягоная рэзідэнцыя. Але на самой справе недзе на Кіпры ў офісе аднаго з юрыстаў будзе ляжаць напісаная ад рукі дамова, з подпісамі Гуцэрыева і Лукашэнкі, дзе будзе напісана, што маёмасць перададзеная па даверанасці», – каментуе сітуацыю з сядзібай «Краснасельскае» спадар Дмітро.

Пасля ўцёкаў Януковіча з краіны знайшліся тысячы дакументаў, якія пацвердзілі сувязь былога ўкраінскага прэзідэнта і палаца пад Кіевам. Але і тады, у інтэрвʼю брытанскаму тэлебачанню, Віктар Фёдаравіч настойваў – там быў толькі адзін ягоны домік:

–  Усё астатняе, што было на гэтай тэрыторыі, не належыць мне асабіста. І ніколі не належала.
–  А заапарк? Страўсы і ўсё такое?
–  А што дрэннага ў тым, што я іх падтрымліваў, гэтых страусаў? Гэта ўсё не належала мне.
–  Вы хаціце сказаць, што прэзідэнт краіны жыў на тэрыторыі чужога, прыватнага заапарку?
–  Вы задаеце некарэктныя пытанні.

Пасля змены ўлады кожны можа пабачыць «Межыгорʼе» на ўласныя вочы. Экскурсія каштуе крыху больш за 2 долары. У «Краснасельскае» ж звычайнаму беларусу пакуль не патрапіць, колькі не заплаці. Але пабачыць, як прыблізна ўсё гэта выглядае, можна ўжо зараз. Дзякуючы дакументам і здымкам, якія патрапілі ў нашыя рукі, мы правядзем віртуальную экскурсію для нашых гледачоў.

Пачнем з галоўнага будынку для гаспадара

Цокальны паверх. Направа трэнажорны зал. Налева пакой для адпачынку, у які мы яшчэ вернемся. Наўпрост заля на 120 метраў з невялікім «лягушатнікам» на 85 квадратаў. Калі ж хочацца добра паплаваць, то на тэрыторыі сядзібы ёсць асобны спа-цэнтр з 25-метровым басейнам. А вось і той 60-метровы пакой для адпачынку з выхадам у вінны склеп. Можна сабе ўявіць, што менавіта тут будуць весціся размовы за келіхам элітнага Château Margaux, або Chateau Latour. За сцяной – кампутарная гульнявая.

Пойдзем на паверх вышэй. Зімні сад у левым крыле на першым паверсе. Сталовая на 70 квадратаў, разлічаная на паўтара дзясятка персонаў, выхад у гасцінную з заспакойваючым відам на прыгожы лес. А тут утульны дамашні кінатэатр»

Пяройдзем у будынак для прыёмаў

На цокальным паверсе вялікі вестыбюль, з пераходам у більярдную, крыху далей налева – бар.

На другім паверсе амаль каралеўская заля для прыёмаў на 250 квадратаў. З калонамі ды вітражамі з падсвятленнем на столі, вялікімі вокнамі, ды зноў жа, відам на прыгожы беларускі лес.

У рэзідэнцыі польскага прэзідэнта можна завітаць «з вуліцы»

А вось, у нашых заходніх суседзяў – палякаў, віртуальныя візіты па ўрадавых сядзібах можа рабіць кожны. Дастаткова зазірнуць на адмысловую старонку prezydent.pl, выбраць рэзідэнцыю і глядзець колькі заўгодна, пераходзячы з паверха на паверх ды з пакоя ў пакой. У гэта цяжка паверыць, але калі гэтага мала, то ў госці да прэзідэнта можна прыйсці амаль літаральна. Каментуе Кшыштаф Янік, міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы ў 2001-2004 гадах:

«Паўсюль ёсць такая магчымасць, рэзідэнцыі ў Цехацінку (Ciechocinek) або Отвацку. Гэта музеі, і туды можа завітаць кожны, проста так, з вуліцы. У той жа час рэзідэнцыю на паўвыспе Хэль (Hel), або на Вісле, як і Прэзідэнцкі Палац у Варшаве, дзе жыве кіраўнік краіны, і Бэльвэдэр, можна пабачыць у вызначаныя дні. Прыязджаюць наведнікі, глядзяць. Няма ніякае праблемы, гэта публічныя абʼекты, даступныя ўсім».

Варта адзначыць, што прэзідэнты Польшчы маюць у сваім распараджэнні 5 рэзідэнцыяў, апошнюю з якіх пабудавалі ў 60-ых гадах 20-тага стагоддзя. Украінскія лідары афіцыйна карыстаюцца 12-цю рэзідэнцыямі ды лецішчамі, большасць з якіх таксама паўстала яшчэ да развалу Савецкага Саюзу.

У Беларусі неафіцыйна вядома пра 16 месцаў, з якіх карыстаецца Аляксандр Лукашэнка. Палова з іх паўстала за часы праўлення кіраўніка Беларусі.

Рэпартаж Ігара Кулея

Глядзіце поўнае выданне ПраСвету

Глядзі таксама
Каментары