Эстонскія добраахвотнікі: Дома захоўваюць аўтаматы, а на выходныя ездзяць на зборы


«Кайтсэлійт» – у перакладзе з эстонскай «звяз абароны». Гэта гістарычная арганізацыя, якая служыла Эстоніі ў самыя складаныя часы. Адзін з яе ўдзельнікаў, Тыну Копэль (Tonu Koppel), распавядае, што апошнім часам далучыцца да шэрагаў «Кайтсэлійту» жадае ўсё больш грамадзянаў. Цяпер у складзе звязу каля 15-ці тысяч чальцоў, а калі лічыць з партнёрскімі арганізацыямі – 33 тысячы, то бок, каля двух адсоткаў насельніцтва. Закон дазваляе добраахвотнікам мець зброю і браць удзел у вайсковых практыкаваннях.

«Белсат»: Калі Вы далучыліся да «Кайтсэлійту» і чаму вырашылі зрабіць гэта?

Тыну Копэль: Я стаў сябрам у 2008-м годзе, калі не памыляюся. На тое я меў некалькі прычынаў. Адна з іх – суполка маладзёнаў, сярод іх і я, пачалі думаць, што яны змогуць зрабіць у выпадку агрэсіўных нападаў на Эстонію. Гэтак мы, 5-6 добрых сяброў, далучыліся да арганізацыі.

«Белсат»: Натуральна, Вы маеце нейкую штодзённую працу. Чым Вы займаецеся ў жыцці?

Тыну Копэль: Я мэнэджар групы кампаніяў у энергетычным сектары, экспартуем хімічныя і тэхналагічныя прадукты.

«Белсат»: Што мусіць зрабіць асоба, якая хоча далучыцца да «Кайтсэлійту»?

Тыну Копэль: Найперш, трэба мець вялікае жаданне стаць сябрам. Таксама трэба, каб цябе парэкамендавалі двое чальцоў. Мусіш прайсці медычнае абследаванне, каб пацвердзіць, што табе пасуе гэтая дзейнасць. Базавы курс зойме 8-9 ўікэндаў, плюс заключны іспыт напрыканцы, які складаецца з фізічнай часткі і тэстаў, каб праверыць, ці ты сапраўды гатовы. Абавязкова трэба патраціць 2-3 ўікэнды на год, але цяпер часу сыходзіць значна больш. Бо мы мусім быць гатовыя да любых нечаканых здарэнняў. Такім чынам, гэта займае больш часу, чым я разлічваў, але гэта вельмі цікава.

«Белсат»: Ці ёсць у Вас пэўная спецыялізацыя, асаблівая дзейнасць у арганізацыі?

Тыну Копэль: Шчыра кажучы, структура нашай арганізацыі вельмі падобная да вайсковай. Я – камандзір атраду. А так у нас тыя ж пасады і прафесіі, што і ў войску.

«Белсат»: Ці маеце Вы права на нашэнне зброі?

Тыну Копэль: Так, але перад тым трэба прайсці навучанне і атрымаць ліцэнзію. Мы носім зброю і маем права трымаць яе дома, толькі ў бяспечным месцы, вядома. «Кайтсэлійт» забяспечвае ўсім неабходным для гэтага. Усё, як у звычайным войску. Я асабіста не маю месца для захоўвання зброі дома. Мы ў арганізацыі карыстаемся аўтаматам Galil AR. На маю думку, адзін з найлепшых аўтаматаў. Хлопцы, якія бывалі ў місіях у Афганістане ды Іраку, казалі, што гэта добрая зброя.

«Белсат»: У якіх экстрэмальных выпадках войска і дзяржава можа звярнуцца па Вашу дапамогу?

Тыну Копэль: Не беручы да ўвагі вайсковай дзейнасці, у выпадку пажараў, штормаў ці пры патрэбе ў вялікай колькасці рук – чальцы «Кайтсэлійту» раскіданыя па ўсёй Эстоніі. Яны здольныя вельмі хутка адрэагаваць на катастрофы ці іншыя здарэнні. Гэта вельмі актыўная частка насельніцтва. Мы вельмі ганарымся, што можам прапанаваць дапамогу, што б ні здарылася.

«Белсат»: А ў выпадку ваеннай агрэсіі?

Тыну Копэль: Мы можам вельмі хутка зрэагаваць на любы тып сітуацыяў, у тым ліку на ваеннай падставе. Мы маем асаблівыя планы адносна таго, як рэагаваць на любыя варожыя дзеянні. Найважнейшая рэч – быць настолькі дзейсным вайскоўцам, наколькі гэта магчыма. Гэта і ёсць найлепшая абарона – быць матываваным, а ў нашай структуры матывацыю маюць усе мужчыны. І жанчыны, дарэчы, таксама. Жанчын даволі шмат, і не толькі сярод медыкаў, але і на іншых пазіцыях. Я мяркую, што гэта ўжо дастаткова добры старт для бяспекі Эстоніі.

Стужка навінаў