Эстонія перадала Украіне меч эпохі вікінгаў, які канфіскавалі ў кантрабандыста з Беларусі


Дэлегацыя міністэрства культуры Украіны 13 траўня прывязе артэфакт у Кіеў.

Меч X-XI ст. быў канфіскаваны на эстонска-расейскім памежным пункце Лухамаа.

Артэфакт знайшлі ў снежні 2015 года працаўнікі падаткова-мытнага дэпартаменту Эстоніі ў грузавым аўтамабілі, якім кіраваў грамадзянін Беларусі. Дазволу на перавозку рарытэту ў яго не было.

Падчас экспертызы высветлілася, што тысячагадовы меч можа каштаваць на аўкцыёнах не менш за 17 тысяч еўраў.

Згодна з першапачатковымі высновамі адмыслоўцаў дэпартаменту аховы помнікаў даўніны Эстоніі, зброя X-XI ст. была знойдзеная, хутчэй за ўсё, на поўначы Расеі. Эстонія планавала вярнуць знаходку ў РФ.

Пазней Украіна заявіла, што меч быў знойдзены ў Валынскай вобласці і незаконна перапраўлены на чорны рынак у Расею.

Эстонскія спецыялісты прынялі ўкраінскую версію і вырашылі перадаць меч у Кіеў.

ЮВ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў