ЕЗ працягнуў зброевае эмбарга супраць Беларусі і санкцыі ў дачыненні да чатырох чалавек


Еўразвяз вырашыў працягнуць на год зброевае эмбарга ў адносінах да Беларусі і санкцыі ў адносінах да чатырох асобаў, якіх Брусель падазрае ў датычнасці да гучных знікненняў 1999-2000 гадоў.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Рады ЕЗ.

Летась Еўразвяз адмовіўся ад абмежавання на экспарт у Беларусь біятлоннага абсталявання, аднак падобны экспарт трэба папярэдне «аўтарызаваць з боку паўнамоцных нацыянальных органаў улады ў кожным асобным выпадку».

Абмежавальныя меры з боку ЕЗ у адносінах да Беларусі ўпершыню ўвялі ў 2004 годзе ў сувязі са знікненнямі ў краіне чатырох асобаў – апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі ды Віктара Гарчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Тады пад персанальныя санкцыі трапілі былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, былы кіраўнік Адміністрацыі кіраўніка краіны Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, які займаў у перыяд знікнення палітыкаў пасаду кіраўніка МУС, і камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.

У 2016 годзе амаль усе санкцыі былі знятыя (санкцыі ў адносінах да Навумава, Шэймана, Сівакова і Паўлічэнкі дзейнічаюць дагэтуль).

У 2011 годзе Еўразвяз увёў эмбарга на пастаўку зброі ў Беларусь.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў