Ермакова: Попыт на валюту вырас больш як у 7 разоў


Паводле наяўнай інфармацыі валюты бракуе як у Менску, гэтак і ў рэгіёнах, але праз некалькі дзён сітуацыя мае стабілізавацца, запэўніла кіраўніца Нацыянальнага банку.

Нацбанк праводзіць пастаянны маніторынг сітуацыі ў абменных пунктах як у сталіцы, так і ў рэгіёнах, распавяла Надзея Ермакова карэспандэнту БелТА. Наяўная інфармацыя кажа аб тым, што валюты па-ранейшаму не хапае. У некаторых абменных пунктах прадаюць толькі набытую раней валюту, асобныя абменнікі наагул не працуюць.

Са словаў кіраўніцы Нацыянальнага банку, дэфіцыт валюты ўтварыўся з-за рэзкага павелічэння попыту: з пачатку снежня ён вырас больш як у 7 разоў. Калі ў лістападзе попыт на наяўную валюту ў сярэднім у дзень складаў каля $ 5 млн у эквіваленце, то 16 снежня – ужо $ 33 млн, 17 снежня – $ 66 млн, а 18 снежня – $ 80 млн. Да такога рэзкага змянення сітуацыі банкі аказаліся проста не гатовыя. Але ў хуткім часе праблему развяжуць. «Мы ўжо цэнтралізавана замовілі валюту. На наступным тыдні яна ў дастатковай колькасці з’явіцца ў абменніках. У панядзелак-аўторак сітуацыя з наяўнымі мусіць нармалізавацца», – сказала Надзея Ермакова.

Улічваючы абставіны, Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам не адчыняць заўтра абменныя пункты, у якіх не хапае наяўнай валюты. «Каб і людзей не бянтэжыць лішні раз, і касіры маглі адпачыць», – адзначыла Надзея Ермакова.

МЯ, паводле БелТА

Стужка навінаў