Эрдаган загадаў апрануць падазраваных у спробе перавароту ў аднолькавыя камбінезоны


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган загадаў апранаць падсудных у справах пра спробу дзяржперавароту і тэрарызм у аднолькавае адзенне пасля таго, як адзін з падазраваных прыйшоў на суд у футболцы з надпісам «Герой».

Раней турэцкі лідар прапанаваў пераапрануць удзельнікаў няўдалага путчу ў камбінезоны, як вязняў амерыканскай турмы ў Гуантанама.

Эрдаган пацвердзіў гэты намер у сваёй прамове ў суботу і дадаў, што падазраваныя ў тэрарызме будуць абавязаныя насіць аднолькавыя куртку і штаны цёмна-міндальнага колеру, перадае агенцтва Reuters.

У ліпені незадоўга да ўгодкаў няўдалага перавароту былы жаўнер турэцкага войска зʼявіўся на судовае паседжанне ў майцы з надпісам «Герой». Пасля дзясяткі людзей, якія надзелі такія ж футболкі, былі затрыманы паліцыяй па падазрэнні ў прапагандзе тэрарызму.

Спроба вайсковага перавароту і адхілення ад пасады прэзідэнта Турцыі была распачата 15 ліпеня мінулага года і забрала жыцці 249 чалавек. З тых часоў больш 50 тысяч імаверных путчыстаў былі арыштаваны, яшчэ 150 тысяч чалавек страцілі працу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў