Эрдаган распачаў расправу над змоўнікамі


Для гэтага яму спатрэбіцца дапамога дыпламатаў: некаторыя ягоныя ворагі паспелі ўцячы з краіны або даўно жывуць за мяжой.

Пасля прызямлення ў аэрапорце раніцай турэцкі лідар заявіў, што змоўнікі і баламутнікі заплацяць за свае дзеянні высокую цану.

У сувязі са спробай перавароту арыштаваныя ўжо больш за 2800 чалавек, а 2745 суддзяў адхіленыя ад працы.

Кіраўнік турэцкага МЗС патрабаваў ад Грэцыі выдаць удзельнікаў вайсковага перавароту, якія ўцяклі на верталёце ў Александруполіс, дзе папрасілі палітычнага прытулку. Грэцкі ўрад ужо заявіў, што верне верталёт з сілавікамі турэцкаму боку.

У арганізацыі бунту Эрдаган абвінаваціў Фетхулаха Гюлена, свайго былога паплечніка, з якім ён пасварыўся ў 1999-м. Гюлен выехаў на лекаванне ў Злучаныя Штаты, адкуль ужо не вярнуўся. Пражываючы ў амерыканскім штаце Пенсільванія, ён працягвае заставацца важным і ўплывовым у ісламскім свеце грамадскім дзеячам.

Фетхулах Гюлен крытыкуе ідэю свецкай дзяржавы і лічыць, што іслам і дэмакратыя спалучальныя. Ён – прыхільнік уступлення Турцыі ў Еўразвяз. Таксама вядомы, як крытык любых праяваў тэрарызму.

«Турцыя – не тая краіна, якая схіліцца перад таннымі паўстаннямі, і не дзяржава, якой можна кіраваць з Пенсільваніі», – заявіў прэзідэнт Турцыі, выступіўшы на дзяржаўным тэлебачанні Турцыі.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што Злучаныя Штаты могуць падтрымаць экстрадыцыю Фетхуллаха Гюлена, калі ўрад Турцыі прадставіць яскравыя доказы ягонай правіны.

Джон Кэры кажа, што Турцыя пакуль не прасіла аб адпраўцы Гюлена дамоў. The Guardian піша, што сам Гюлен асудзіў спробу перавароту.

Падчас начнога бунту вайскоўцаў у Турцыі загінулі больш за 160 чалавек.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў