Эрдаган прыедзе ў Менск на наступным тыдні


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган урачыста адкрые Саборную мячэць 11 лістапада.

«Ува ўрачыстым адкрыцці мячэці 11 лістапада возьмуць удзел Рэджэп Эрдаган і Аляксандр Лукашэнка, міністры і афіцыйныя асобы Беларусі і Турцыі, а таксама рэлігійныя прадстаўнікі з краінаў Еўразіі», – цытуе старонку турэцкага прэм’ер-міністра «Інтэрфакс».

13 красавіка 2016 года ў межах саміту Арганізацыі ісламскай супрацы Лукашэнка запрасіў Эрдагана наведаць Менск. Прэзідэнт Турцыі адразу пацвердзіў гатовасць наведаць Беларусь.

Першапачаткова чакалася, што ён прыедзе ў Менск 29 ліпеня, але той візіт быў адменены пасля спробы вайсковага перавароту ўночы на 16 ліпеня.

Падрыхтоўку візіту Эрдагана ў Беларусь у жніўні абмеркавалі памочнік прэзідэнта Беларусі Усевалад Янчэўскі і галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Турцыі Джэміль Эртэм.

Паводле інфармацыі адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, бакі таксама абмеркавалі перспектывы рэалізацыі буйных беларуска-турэцкіх інвестыцыйных праектаў, уключаючы праекты, якія могуць ажыццяўляцца пад патранажам прэзідэнтаў дзвюх краін.

Будаўніцтва Саборнай мячэці ў Менску распачалося ў 2004-ым і завяршылася сёлета ў траўні. Яна знаходзіцца на вуліцы Грыбаедава.

ДД

Стужка навінаў