Еўразвяз рыхтуе новы тып пагадненняў з Беларуссю і Арменіяй – «без мытных ільготаў»


Беларусь і Арменію пераводзяць у «другую лігу» Усходняга Партнёрства, мяркуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

У новым пагадненні ЕЗ з Беларуссю і Арменіяй не будзе мытных ільготаў, новы дакумент будзе звязваць Еўразвяз з гэтымі краінамі значна менш, чым пагадненне аб асацыяцыі. Гэта вынікае са словаў Жана Асэльбана, кіраўніка МЗС Люксембургу – краіны, якая цяпер старшынюе ў ЕЗ.

У пагадненні не будзе «мытных ільготаў». «Радыё Свабода» цытуе еўрапейскага чыноўніка:

«Мы зрабілі прапанову Арменіі, Арменія адказала станоўча. У Беларусі назіраецца рух не ў адмоўным кірунку. Еўропа не павінна выпускаць магчымасць, якая з’яўляецца (у адносінах) з гэтай краінай. Не трэба думаць пра рэжым, трэба думаць пра насельніцтва».

На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, ідэя падзяліць краіны Усходняга партнёрства на дзве лігі даўно лунала ў паветры.

«Натуральна, Беларусь і Арменія, якія моцна завязаныя з Расеяй, і на якіх Масква цісне, каб трымаць у сферы свайго ўплыву і рэалізоўваць тут свае інтарэсы, трапляюць у гэту другую лігу, і Еўропа спрабуе пачаць другі тур новай геапалітычнай гульні. Да таго ж, Беларусь і Арменія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз. Таму і падкрэслівае Еўрапейскі чыноўнік: «мытных льгот у гэтым пагадненні ня будзе», намякаючы, што нельга адначасова знаходзіцца ў дзвюх зонах свабоднага гандлю, нельга сядзець на двух крэслах», – адзначае ў каментары «Радыё Свабода» Аляксандр Класкоўскі.

Эксперт дадае, што гуляе і Лукашэнка, які з шэрагу прычын зацікаўлены ў тым, каб пашырыць абсяг для геапалітычнага манеўру. А таму гэтая гульня паміж Еўразвязам і афіцыйным Менскам будзе доўжыцца.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары