Еўразвяз будзе спыняць нелегалаў у Міжземным моры з дапамогай вайсковай місіі


Краіны Еўразвязу прымаюць новыя захады ў барацьбе з кантрабандыстамі, якія перавозяць нелегалаў з Паўночнай Афрыкі.

Еўразвяз правядзе місію па знішчэнні судоў, якія перавозяць нелегальных мігрантаў у Еўропу. Такое рашэнне ў Бруселі прынялі міністры замежных справаў краінаў ЕЗ, паведамляе BBC.

«Не так важна знішчаць суды, колькі знішчаць бізнес-мадэль, якую пабудавалі кантрабандысты», – заявіла Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ ў пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні.

Каб заблакаваць маршрут, якім карыстаюцца нелегалы, магчыма, еўрапейскія вайсковыя караблі зоймуць пазіцыя побач з Лівіяй. У такім выпадку поспех будзе ў значнай меры залежыць ад супрацы з афрыканскай краінай. Са словаў Магерыні вынікае, што Еўразвяз гатовы дамаўляцца як з афіцыйнымі ўладамі, прадстаўленымі ў ААН, так і з «альтэрнатыўнымі», якія знаходзяцца ў Трыпалі і ў Місураты.

У 2015 годзе ў Міжземным моры загінула больш, чым 1800 мігрантаў. Гэта ў 20 разоў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Некаторыя спрабуюць нелегальна патрапіць у Еўразвяз і праз Беларусь. Але колькасць нелегалаў на ўсходняй мяжы аб’яднанай еўрапейскай супольнасці нават блізка нельга параўнаць з лічбай нелегалаў, якія дабіраюцца ў Еўропу праз Міжземнае мора.

«За год на мяжы Беларусі і Еўразвязу фіксуюць столькі нелегальных перамяшчэнняў, колькі на міжземнаморскім кірунку адбываецца за адзін дзень», – распавёў некалькі тыдняў таму ў размове з карэспандэнтам Belsat.eu Андрэй Елісееў з «Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў