Еўразвяз працягнуў санкцыі ў дачыненні да Расеі


Рада Еўразвязу прыняў фармальнае рашэнне аб падаўжэнні да 31 студзеня 2016 года тэрміну дзеяння эканамічных санкцый у дачыненні да Расеі.

Адпаведная пастанова была прынятая ў панядзелак на пасяджэнні Рады ў Люксембургу, паведамілі ў прэс-службе Рады ЕЗ.

Санкцыі працягнуцца да 31 студзеня 2016 года, адзначыла прадстаўніца дыпламатычнай службы Еўразвязу Сюзан Кіфэр, падае interfax.by.

«ЕЗ працягнуў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі да 31 студзеня 2016 года з мэтах выканання ёю менскіх пагадненняў», – напісала Кіфэр у «Тўітэры».

Прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў папрасіў кіраўніка апарату ўраду Сяргея Прыходзьку падрыхтаваць прапановы аб увядзенні ў адказ абмежавальных захадаў, падае Бі-Бі-Сі.

У ліпені 2014-га года Рада ЕЗ ухваліла эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі ў сувязі з баявымі дзеяннямі на ўсходзе Украіны. Яны ўключаюць у сябе забарону на куплю і продаж бондаў, выпушчаных расейскімі банкамі, трыма найбуйнейшымі расейскімі энергетычнымі кампаніямі і трыма найбуйнейшымі кампаніямі ў сферы абароны. Акрамя таго, кампаніі ЕЗ не павінны даваць крэдыты 5-ці самым вялікім расейскім банкам.

Санкцыі таксама ўключаюць эмбарга на імпарт і экспарт зброі, забарону на экспарт тавараў двайнога прызначэння, забарону на пастаўкі абсталявання і паслуг у сферы глыбакаводнага бурэння для здабычы нафты і газу. Абмежаванні ўключаюць забарону на імпарт у ЕЗ прадукцыі з анексаванага Крыму і Севастопалю.

Грамадзянам краін ЕЗ і кампаніям, што базуюцца там, забараняецца інвеставаць у эканоміку Крыму, у тым ліку купляць нерухомасць і фінансаваць крымскія кампаніі.

МЯ, паводле interfax.by, bbc.com

Стужка навінаў