Эратычная абрадавая гульня «Жаніцьба Цярэшкі» прайшла на аграсядзібе «Прыазёрная» (Фотарэпартаж)


Калядная моладзевая абрадавая гульня «Жаніцьба Цярэшкі» бярэ пачатак ад традыцыйных паганскіх ігрышчаў яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Гульня праводзіцца ў часы сонцазвароту па традыцыйным абрадавым рэгламенце шлюбных навагодніх забаў моладзі.

Асноўнаю мэтай гэтых гульняў з эратычным падтэкстам было збліжэнне моладзі дзеля будучай жаніцьбы. Але на пэўны час у калядных ігрышчах таксама маглі ўзяць удзел і жанатыя пары, каб крыху адпачыць адно ад аднаго і адначасова праверыць свае пачуцці.

Калісьці «Жаніцьбу Цярэшкі» праводзілі на Віцебшчыне, Меншчыне, а таксама Латвіі, але цяпер па большай частцы ў Беларусі яе праводзяць у вёсках Велеўчшына, Цярэшка, Селішча і на аграсядзібе «Прыазёрная» у Лепельскім раёне.

З-за маразоў «Жаніцьбы Цярэшкі» адмянілі альбо перанеслі ў некалькіх вёсках Лепельшчыны. А гаспадары аграсядзібы «Прыазёрная» нягледзячы на жорсткія ўмовы вырашылі не перарываць штогадовую лакальную калядную традыцыю і адгулялі Цярэшку шумна і весела з мясцовымі жыхарамі, гасцямі з Менску ды замежжа.


Пачалі каляды з каравая, карагоду вакол вогнішча з каляднай зоркай, пасля перайшлі да абірання Бабы і Дзеда, якія традыцыйна адказваюць за арганізацыю і правядзенне гульняў ды збліжэнне іх удзельнікаў падчас Жаніцьбы Цярэшкі.

Не абышлося без падзелу ўсіх удзельнікаў на пары, частавання іх рытуальным кілішкам гарэлкі, каб мужчынская і жаночая палова троху асмялелі перад гульнямі ды танцамі.


Пазней пачалася самая развязаная частка гульняў: хлопцы даганялі праз «Ручаёк» дзевак каб схапіць іх, і калі ў іх гэта атрымлівалася, ім дазвалялася пацалаваць дзяўчыну, пасля пары садзіліся на лаву спіна да спіны і стараліся па камандзе павярнуць галаву ў адзін і той жа бок, каб пацалавацца і тым самым паказаць, што яны кахаюць, добра разумеюць і адчуваюць адзін аднаго.

Гульня «Сарваць вішаньку» з’- адна з самых смешных падчас «Жаніцьбы Цярэшкі»: хлопец разбягаецца, каб скокнуць абапіраючыся на рукі дзвюх іншых хлопцаў, дацягнуцца і пацалаваць дзяўчыну, якая стаіць на лаве.

«Жаніцьба Цярэшкі» сімвалічна сканчаецца імітацыяй вяселля з застоллем, танцамі, песнямі, жартамі і каляднай варажбой да раніцы.

ВР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары