«Еўрарэгіён Нёман»: вышымайкі, воўчыя пудзілы і шмат кітайцаў


У Горадні ўрачыста адкрылася XVII нацыянальная выстава-кірмаш.

Сёлетні «Еўрарэгіён» праходзіць усяго два дні – 11 і 12 верасня на традыцыйнай пляцоўцы – стадыёне «Нёман». Шэрагі намётаў прадпрыемстваў і бізнесоўцаў ад раніцы ўжо чакалі на натоўп інвестараў у сувора-афіцыйных касцюмах. Тут жа можна было пакаштаваць літоўскай кухні або выпіць «Лідскага» піва пад пільным наглядам пудзіла ваўка з аскаленай пашчаю.

Найбольш шматлюднай, прынамсі вонкава, падалася кітайская дэлегацыя, якая бярэ ўдзел у кірмашы-выставе ўпершыню. Тое, што Кітай ніякім бокам не адносіцца да Еўропы, наўрад ці турбуе арганізатараў, асабліва на фоне цёплых эканамічных стасункаў паміж нашымі краінамі апошнім часам.

Не бачаць тут дысанансу і самі кітайцы: сімвалічна, што на бірцы аднаго з кітайскіх стэндаў можна было прачытаць назву прэзентаванай кампаніі «па комплексным засваенні тэрыторыяў» – «Увесь свет».

Выставы кшталту «Еўрарэгіёну» маюць два бакі: унутраны – паседжанні і перамовы бізнес-колаў ды мясцовай улады – які праходзіць за зачыненымі дзвярыма, і вонкавы – у выглядзе гандлю сувенірамі і стравамі нацыянальных кухняў. Таму ўжо на адкрыцці выставы на стадыёне было поўна прадукцыі рознага кшталту: ад стосаў туалетнай паперы да каваных мангалаў ды сельскагаспадарчай тэхнікі. Каб стварыць гасцям яшчэ больш утульную атмасферу адразу ў некалькіх месцах выступалі фольк-ансамблі ў нацыянальных строях.

Закрыццё выставы з уручэннем дыпломаў удзельнікам мае адбыцца ў суботу а 14-й гадзіне.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў