Еўрапол распавёў, ад каго варта чакаць тэрактаў у Еўропе


Хто можа ствараць пагрозу для бяспекі ў Еўропе, распавялі ў паліцэйскім упраўленні Еўразвязу – Еўраполе.

У гарачыя кропкі на Блізкім Усходзе выехалі 3-5 тыс. грамадзянаў ЕЗ. Менавіта ад іх можна чакаць патэнцыйнай небяспекі пасля вяртання, паколькі яны могуць здзейсніць тэракты, падобныя да парыжскіх.

Гэтак лічаць у Еўраполе, паведамляе Unian.ua са спасылкай на Dw.de. Пагроза тэрарызму ў Еўропе – цяпер найбольшая з часу тэрактаў у ЗША ў 2001 годзе, лічаць у Еўраполе. Там падкрэслілі, што сярод тых, хто выехаў у гарачыя кропкі, напрыклад у Сірыю, знаходзяцца пераважна маладыя мужчыны. Пасля вяртання яны могуць быць небяспечныя, сказаў кіраўнік Еўраполу Роб Ўэйнрайт, выступаючы перад брытанскім парламентам.

Еўрапейская паліцыя ўжо мае спіс з каля 2,5 тыс падазраваных з розных краінаў. Акрамя баевікоў з Сірыі і Іраку, пагрозу ўяўляюць тэрарыстычныя сеткі ў Афрыцы і на Аравійскім паўвостраве.

Паводле Роба Ўэйнрайта, дзеля процідзеяння гэтай пагрозе неабходная супраца паміж спецслужбамі і тэхналагічнымі кампаніямі, каб запабягаць рэкрутаванню і прапагандзе экстрэмізму ў сацыяльных медыях. У Еўраполе таксама паведамілі пра рост сувязяў паміж экстрэмістамі і арганізаванымі крымінальнымі групоўкамі.

МЯ, паводле unian.ua, dw.de

Стужка навінаў