Еўрапарламент заклікае ўдарыць па ядраваму сектару і фінансам Расеі


Санкцыі ЕЗ павінны застацца пакуль Расея не зменіць сваёй агрэсіўнай палітыкі супраць Украіны, не ўвядзе рэжым спынення агню, не выведзе войскі ды не спыніць падтрыманне тэрарыстаў, – пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Еўрапарламенту, што прынятая ў чацвер. Еўрадэпутаты асуджаюць акты тэрарызму, што здзяйсняюць прарасейскія баевікі ды заклікаюць краіны Еўразвязу выпрацаваць стратэгію супраць расейскай інфармацыйнай вайны.

Еўрадэпутаты заклікаюць Раду Еўразвязу на паседжанні ў сакавіку пакінуць у дзеянні санкцыі супраць Расеі і выпрацаваць «ясны набор крытэрыяў», ад выканання якіх залежыць далейшае ўзмацненне абмежаванняў ці іх скасаванне.

Еўрапарламент прапаноўвае, каб гэтыя крытэрыі прадугледжвалі вывад з тэрыторыі Украіны расейскіх вайскоўцаў і нелегальных узброеных групаў, якія падтрымлівае Масква, вызваленне ўсіх палонных ды вяртанне Кіеву кантролю на тэрыторыі Украіны.

У выпадку, калі Расея не выканае гэтых патрабаванняў, Рада павінна накласці новыя санкцыі ў дачыненні ядравага сектару, магчымасцяў рэалізацыі міжнародных фінансавых транзакцыяў. Аднак «палітычныя і дыпламатычныя каналы камунікацыі з Расеяй маюць застацца», – падкрэсліваюць еўрадэпутаты ў рэзалюцыі.

Еўрапарламент папярэдзіў пра новую небяспеку з боку Расеі, якую называе «інфармацыйнай вайною». Цягам двух месяцаў Еўракамісія мае прадставіць стратэгію, што дазволіць «супрацьстаяць расейскай прапагандысткай кампаніі, скіраванай супраць ЕЗ, яго ўсходніх суседзяў і самой Расеі».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў