Еўрадэпутат: Дамоўленасці ўзаконьваюць расейскую акупацыю


Польскі еўрадэпутат Яцэк Сарыюш-Вольскі з песімізмам успрыняў падпісанне паразумення аб перамір‘і ва Украіне.

Еўрапейскія хрысціянскія дэмакраты скептычна ацэньваюць дасягнутыя мірныя дамоўленасці ў Менску, падае Украінская служба Польскага радыё. У прыватнасці, польскі еўрадэпутат, намеснік старшыні фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў Яцэк Сарыюш-Вольскі выступіў з крытыкай дамоўленасцяў, паколькі, як адзначыў, яны ўзаконьваюць тэрытарыяльную акупацыю з боку Расеі, акрамя таго не даюць ніякіх гарантыяў, што ваенныя дзеянні спыняцца.

«Гэта нават не асцярожны аптымізм, гэта песімізм з пытальнікам. Ці сапраўды гэта неабходныя дамоўленасці, ці чарговая спроба Масквы купіць час. На самой справе застаецца пытанне пра сапраўдныя намеры: ці гэта толькі перапынак, ці сапраўдны мір? Выглядае на тое, што гэта спыненне агню, але не мірнае вырашэнне», – сказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Па словах еўрадэпутата, лідары Еўрапейскага Звязу падчас саміту ЕЗ у Бруселі мусяць патрабаваць выканання дамоўленасцяў і аказваць ціск на Расею чарговымі санкцыямі.

12 лютага раніцай у Менску скончыліся перамовы ў «нармандскім фармаце». Перамовы кіраўніка Расеі з прэзідэнтамі Украіны, Францыі і канцлер Нямеччыны доўжыліся больш за 16 гадзінаў. Вынікі перамоваў – спыненне агню на Данбасе апоўначы 15 лютага, а таксама адвод цяжкай зброі ад лініі сутыкнення ўкраінскага войска і сепаратыстаў. Украінскія вайскоўцы і прарасейскія сепаратысты абмяняюцца палоннымі ў фармаце «ўсіх на ўсіх», а таксама тэрыторыю Украіны павінны пакінуць усе замежныя войскі.

Выніковы дакумент «нармандскай чацвёркі» падпісалі толькі прадстаўнікі кантактнай групы, самі ўдзельнікі перамоўнага працэсу пацвердзілі выкананне дасягненняў перамоваў у вуснай форме. Падпісанне выніковага дакументу «нармандскай чацвёркі» лідарамі ДНР і ЛНР дырэктар Цэнтру Усходняй Еўропы ў Варшаве Ян Маліцкі назваў «спробай узаконення на ўзроўні міжнароднага права рэспублік, які былі створаны рашэннем Масквы».

МЯ, паводле polradio.pl

Стужка навінаў