Еўрабізун ці еўраморкаўка? ЕЗ ізноў заігрывае з Лукашэнкам


Раней значная частка еўрадэпутатаў не называла Нацыянальны Сход Беларусі парламентам, а яго дэпутатаў – сваймі калегамі. І тым больш не планавала супрацу з антыдэмакратычным урадам і прэзідэнтам, якога вечна пераабіраюць. Часы мяняюцца. Цяпер у Бруселі ўсё больш агароднікаў, якія кажуць пра моркаўку, забываючыся пра бізун.

Галоўная задача і місія толькі што народжанай дэлегацыі Еўрапейскага парламенту ў пытаннях сувязяў з Беларуссю – даваць ацэнку рашэнням Еўракамісіі, а таксама Аляксандра Лукашэнкі. Ды, як сцвярджаюць самыя еўрадэпутаты, «наладжваць дыялог Еўропы з беларускаю грамадзянскаю супольнасцю».

«Наладжваць і ацэньваць» у бліжэйшыя пяць гадоў будуць 21 еўрадэпутат. Акрамя прадстаўнікоў краінаў-суседзяў Беларусі ёсць і дэлегаты з Нямеччыны, Швецыі, Італіі, Балгарыі, Чэхіі ды Фінляндыі. І далёка не ўсе з іх наладжаныя на барацьбу з беларускім антыдэмакратычным рэжымам.

«Не варта ўвесь час выкарыстоўваць толькі бізун, трэба памятаць і пра моркаўкі. Праблема ў тым, што трэба пастанавіць, як шмат моркавак мы можам даць. І колькі ўдараў бізуноў будзем вымушаныя зрабіць», – гаворыць Нільс Торвальдс, дэпутат Еўрапарламенту.

Дарэчы, пра моркаўкі кажа і чэскі дэпутат, прадстаўнік альянсу еўрапейскіх лібералаў і дэмакратаў Павэл Тэлічка: «Безумоўна, мы хочам актыўна ўзаемадзеяць і з уладамі Беларусі, уключаючы ўрад. Калі я кажу «платформа для дыялогу, для дэбатаў», я маю на ўвазе тое, што я не хачу, каб яна была платформаю для рознага кшталту піяру ці прапаганды, ці пустых дыскусіяў».

Але сітуацыя з цяперашнім відавочным чарговым заігрываннем Еўропы з афіцыйным Менскам за 20 гадоў кіравання Лукашэнкі не новая.

“Самыя розныя дэлегацыі былі, самыя розныя падыходы выкарыстоўваліся: і зараз Еўразвяз выразна паказвае свае крокі насустрач Беларусі, – зазначае аглядальнік радыё «Свабода« Ганна Соусь. – Пытанне, што будзе рабіць беларускі бок, ці паўторыцца сітуацыя як перад выбарамі 2010 года, калі спачатку былі прыкметы выразнай лібералізацыі, а потым усё скончылася жорсткімі рэпрэсіямі”.

Чым скончацца гульні паміж афіцыйным Менскам і Бруселем сёлета, пабачым пасля прэзідэнцкіх выбараў. Але, як жартуюць калегі ў Бруселі, і той, і другі зноў наступяць на граблі. Кожны – на свае.

Алесь Сіліч, «Белсат», Брусель

Стужка навінаў