Эра люмберсексуалаў: сякера супраць вышчыпаных броваў


Як спявае Ілля Чарапко-Самахвалаў у адным са сваіх твораў, ідэальнага няма. Аднак эвалюцыйны працэс паказвае: шмат хто, у прыватнасці сярод мужчынаў, імкнецца да нірваны праз заняткі ёгаю ды прагне аблічнасці Дэйвіда Бэкгэма.

Якім мае быць сучасны мужчына? Гэтае пытанне цікавіць не толькі брытанскіх навукоўцаў і самотных жанчын. Поп-культура адкрываецца для новага забытага старога, а стылісты і эксперты моды сцвярджаюць: да нас вяртаюцца барадачы.

Мужнасць праз валасатасць

Гладка паголеная ружовашчокая будучыня адышла ў нябыт. Барада – новая формула поспеху. Цяпер, у часы пагрозы Трэцяй сусветнай, багатая расліннасць змяняе моду на метрасексуалаў і гіпстэраў, жаноцкіх мініяцюрных мужчынаў з «босым» тварам, манікюрам і вышчыпанымі бровамі.

Да заросласці дадаюцца яшчэ некалькі абавязковых ваяўнічых атрыбутаў: мускулатура, якой можна граць, як на кларнеце, шматлікія татуіроўкі, фланелевая клятчастая кашуля, масіўныя буты, сякера, паходы ў барбэршопы. А яшчэ – піва з бочкі, шмат піва з бочкі.

Мужчына з водарам пілавінаў

Lumbersexual – не рамантык з вялікай дарогі. У ягонай сістэме каштоўнасцяў няма цягі да моды, экзатычнай кухні, мюзіклаў і антыкварыяту. Гэта чалавек, які выратуе сусвет: у правай руцэ – небяспечная халодная зброя, у левай – пілавіны, а на твары пышным цветам расце нарвежскі лес. Каб і жанчыну паказытаць сваймі кустамі, і коціку было з чым пагуляць.

Але і сучасным гарадскім дрывасекам нішто чалавечае не чужое. Нягледзячы на стэрэатып неахайнасці ды рэшткаў ежы ў Самым Важным элеменце гардэробу, люмберсексуал мусіць дбаць пра сваю аблічнасць і ўнутраную раўнавагу.

Дзяніс Дзюба, фатограф:

«Чытаючы дэфініцыю новага панятку, я разумею: гэта маё, я люмбер. Скажу больш: кожны беларус – люмбер. Калі увесь свет праходзіў стадыю метрасексуальнасці, беларускія мужыкі былі люмберамі, проста ў іх праз гармоны слаба барада расла. У Швецыі бачна, што людзі дбаюць пра сябе, хаця бароды там ва ўсіх, а ў нас мала ў каго. Рэха ГУЛагу і турэмнай псіхалогіі, калі мужчынская касметыка ці добрая прычоска шмат у каго асацыюецца з гомасексуальнасцю».

Барада як празак

Яшчэ нядаўна падавалася, што мода на няголенасць прайшла. Але мужчынам цяжка развітацца з валасяным пакровам сківіцы. І любоў да валасатасці абумоўленая не толькі лянотаю ды жывёльным страхам перад лязом. Густая заросласць у свой час прыдалася і першабытным людзям, і варварам, і Нікіце Джыгурдзе. Толькі Аляксандр Саладуха жыве не паводле канонаў.

Адныя псіхолагі сцвярджаюць, што барада надае ўпэўненасці ды вальнадумства, а іншыя – бачаць у прыхільнасці да барады прыкмету небяспечнага чалавека, схільнага да асацыяльных паводзінаў і забойства жоўтых гумовых качак.

Што ўжо казаць пра сякеру. Прайсціся з ёю па вуліцах сталіцы не найлепшы варыянт. У беларускіх рэаліях Менск не Берлін, у кавярню са сваёй халоднаю сяброўкаю не завалішся, гарбаты не пап’еш. Як альтэрнатыва – бутафорская сякера, але і з ёю вас могуць чакаць непрыемныя вечары на Акрэсціна.

Каб жыць паводле законаў і стаць сапраўдным беларускім люмберсексуалам, прыйдзецца прыдумаць сабе іншы, менш ваяўнічы і траўматычны аксесуар для шпацыраў па лесапаласе.

Ці дойдзе тэндэнцыя да Беларусі? Меркаванне эксперта

Стыліст Вольга Жарнасек

Гэта не новы трэнд, толькі стыль, які даўно існуе і цяпер стаўся аб’ектам папулярызацыі. Магчыма, свет па просту стаміўся ад веянняў моды апошніх гадоў, якія ў пэўным сэнсе забівалі паняцце мужнасці. Стыль «lumbersexual» дае шанец выглядаць добра і пры гэтым заставацца «мужыком».

Тэндэнцыя насоўваецца з Захаду і да нас прыйдзе са спазненнем, але прагназую, што ў Беларусі яна мае шанец на папулярнасць. Па-першае, гэты стыль даволі лёгкі ў рэалізацыі – кашулі ў клетку, масіўныя чаравікі, вязаная шапка знойдуцца ў гардэробе кожнага беларуса. Крыху горш можа быць з расліннасцю на твары. Па другое – чаго хаваць, тып «дрывасека» вельмі прыцягальны для жанчын.

Сярод знаных беларусаў падобны стыль блізкі дызайнеру Апці Езіеву.

Бадай, уся ягоная мінулагодняя калекцыя падпадае пад акрэсленне «lumbersexual» – у ёй былі і сякеры, і швэдры, і бароды. Але апошняя калекцыя дызайнера крыху іншая. Яна хутчэй пра дрывасека, які выйшаў з лесу, наведаў модны буцік і ўладкаваўся ў офіс. Таму ў пэўным сэнсе можна сказаць, што ў беларускай модзе гэты стыль адкрылі раней, а нават мадыфікавалі. Але паколькі наш рынак вельмі закрыты, зрабіць яго папулярным не атрымалася.

Люмберсексуалы і вялікая палітыка

А калі казаць пра палітыкаў, я б не раіла ім выкарыстоўваць гэты стыль, бо ён прапагандуе элегантную, але ўсё ж неахайнасць. Цяжка ўявіць, каб хтосьці ў клятчатай кашулі і джынсах абяцаў грамадзянам добрае і стабільнае жыццё. У той жа час якраз барада можа выклікаць давер электарату, бо сімвалізуе мудрасць і разважлівасць. Падчас мінулых выбараў, напрыклад, аўтарытэтна выглядаў Андрэй Саннікаў.

Дар’я Румянцава, belsat.eu

Стужка навінаў