Энергія не з газу ды нафты. Які досвед Бразіліі можа пераняць Беларусь?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://youtu.be/l5ABFGoLxjA”][vc_column_text]Бразілія абвесціла аб вялікіх планах паступова перавесці энергетыку на ветракі і сонечныя панэлі. Такім чынам краіна не толькі паправіць стан жывой прыроды, але і атрымае новыя магутнасці.

Глабальнае пацяпленне падвысіла тэмпературу ды збіла кліматычны каляндар сезонаў. Самыя ж бразільцы цягам XX стагоддзя варварскі вынішчалі трапічныя лясы. Таму цяпер бразільскія рэкі ды азёры перасохлі. Няма вады каля плаціны – не круцяцца генератары ГЭС. А ўсяго некалькі гадоў таму бразільскія гідраэлектрастанцыі здабывалі 4/5 усёй энергіі.

ЭЎБ’Я МЭЛУ, ПРЭЗІДЭНТ БРАЗІЛЬСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ВЕТРАЭНЕРГЕТЫКІ:
«Сезон дажджоў, калі напаўняліся вадасховішчы, быў вельмі кароткі, і дажджы ішлі ў нетыповы час. Таму мы больш не можам напоўніць вадасховішчаў. За апошнія 2 гады магчымасць прадукцыі энергіі ад гідраэлектрастанцыяў значна ўпала – на 8 %. Для нас – адмыслоўцаў у гэтай галіне, дый для ўраду – усё гэта зразумела, таму мы перанакіроўваем энергетыку ў пошуках аднаўляльных рэсурсаў».

Урад Бразіліі вырашыў не класці ўсе яйкі ў адзін кош і правесці дыверсіфікацыю, то бок пашырыць віды здабычы энергіі. У энергетыцы гэта значыць яшчэ і пераразмеркаванне электрычнасці. Не працуе адна станцыя – бярэм энергію з іншай.

СЭРЖЫЎ БЭСЭРМАН, ЭКАНАМІСТ, ЭКОЛАГ:
«Да цяперашняга часу гідраэнергетыку дапаўнялі цеплавыя электрастанцыі, што велізарна падвышала выкіды парніковых газаў у Бразіліі».

Улады паабяцалі за 15 гадоў амаль удвая скараціць выкіды парніковых газаў – найперш СО2. Краіна ўзяла прыклад з Індыі ды Злучаных Штатаў і пачала інвеставаць у ветракі. Найбольш вось такіх гіганцкіх мачтаў будуюць на паўночным усходзе, дзе вецер круглы год не змяняе кірунку. Ветракі – гэта грунтоўная праца цяпер і атрыманне грошай проста з паветра доўгія гады, з мінімальнаю шкодаю навакольнаму асяроддзю.

АЛЕШАНДРЭ Т’ЕЛЕ, КІРАЎНІК КОМПЛЕКСУ ВЕТРАКОЎ «TRAIRI»:
«Мы чакаем, што доля бразільскай аднаўляльнай энергетыкі падвоіцца за наступныя 15 гадоў. А з кірункам і сілаю ветру тут, на паўночным усходзе, мы ўпэўненыя, што ветракі застануцца надзейнаю крыніцай энергіі».

Ветравыя станцыі, аднак, патрабуюць яшчэ і адпаведных лініяў электраперадачы паміж рэгіёнам здабычы і месцам спажывання электрычнасці. У выпадку сонечнай энергіі такая праблема існуе толькі для вялікіх электрастанцыяў. Бо сонечную батарэю кожны сам можа паставіць каля дому. Або на дом.

ЛУІС ПІНГЕЛЛІ, ЯДРАВЫ ФІЗІК:
«Калі разглядаць рассеянае выкарыстанне сонечнай энергіі самымі спажыўцамі – напрыклад, усталяванне сонечных батарэяў на дахах дамоў, заводаў, гатэляў і гандлёвых цэнтраў, – то яно цалкам рэнтабельнае. Трэба нямала фінансавых сродкаў, бо на пачатку ўсё каштуе дорага. Але потым кошт энергіі ўсё кампенсуе».

Апроч ветравой і сонечнай, ёсць і энергетыка біямасы. Гэта калі электрычнасць ці ацяпленне забяспечваюць, спальваючы прыродныя адкіды, апілкі, жмых ды галлё. Паводле адмыслоўцаў у энергетыцы, такі спосаб падыходзіць не толькі Бразіліі, але і Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Стужка навінаў