Энергетычная бездань у Слоніме


На першы погляд, інтэрнат у Слоніме, які месціцца на адрасе Берасцейская 69 корпус 6, нічым не адрозніваецца ад суседніх будынкаў. Але з энергетычнага пункту гледжання гэта сапраўдная чорная дзіра. За люты жыхары інтэрнату атрымалі жыроўкі з фантастычнымі лічбамі. За святло тут налічылі па 600, 800 і нават па 1 000 кілаватаў.

Вадзім Адаська, да якога мы завіталі, распавёў, што яшчэ месяц таму рахункі за святло былі значна меншыя.

«За студзень, напрыклад, было 295 квт, а за люты 2017 года 643 квт. Я не разумею. Ёсць агульны лічыльнік, хаця ў мяне ёсць уласны лічыльнік. Чаму я не магу плаціць па свайму лічыльніку?»

Раней жыхары інтэрнату плацілі згодна з паказаннямі сваіх лічыльнікаў. Але ў 2011 годзе будынак перадалі з балансу мясцовай Камвольнай фабрыкі слонімскаму ЖРЭУ, і з камунальнымі плацяжамі пачаліся праблемы. Карыстацца ўласнымі лічыльнікамі жыхарам забаранілі. Звароты і скаргі на гэты конт мясцовыя ўлады папросту ігнаруюць. А кошт пытання высокі. Гэтак, лічыльнік, які стаіць у кватэры Вадзіма і Вольгі, «накручвае» за месяц не 600 і нават не 300 кілаватаў, а 150 – максімум.

«Ужо пяты год мы з гэтым змагаемся, чаму ў нас дома ў кожнага лічыльнік вісіць, але мы плоцім па агульнаму лічыльніку. Толкам ніхто не дае ўцямнага адказу», – кажа Вольга Адаська, жыхарка інтэрнату.

Суседзі кажуць, што таксама атрымалі рахункі на аплату васьмісот кілаватаў за месяц. А гледзячы на аб’ём ужытай вады, пазначаны ў плацежках, мусілі б штодня паліваць гароды.

«Нам забаранілі ставіць уласныя лічыльнікі на ваду, – гаворыць Іна Брысканкіна. – У мяне за 2-пакаевы блок выходзіць 22 кубаметры вады. Няўжо я магла столькі вады наліць? Але гэта ладна, звыкліся, што за ваду плацім больш, але больш за ўсе абурылі гэтыя разлікі за святло. Пры тым, што мы сапраўды ашчаджаем».

Зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбаю разабрацца ў сітуацыі вярнуўся на ўзровень вобласці. У выніку жыхары слонімскага інтэрнату ўсцяж ходзяць па коле. Маўляў, лічыльнікам у пакоях даверу няма, таму плаціць трэба ад сумы агульных кілаватаў, якую дзеляць на ўсіх.

Мясцовы выканкам цвердзіць людзям тое самае: мусіце аплаціць, як налічылі. Выйсце, якое прапаноўваюць улады, – плаціць за святло ў кватэрах у залежнасці ад колькасці метраў. Але хто і калі прыме такое рашэнне, і ўвогуле, адкуль узяліся касмічныя лічбы ў жыроўках, слонімцам ніхто не тлумачыць.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Стужка навінаў