Эманюэль Макрон – прэзідэнт, абраны насуперак. Рэкорды выбараў у Францыі.


Абраны прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон святкуе перамогу. Парыж, Францыя, 7 траўня. 2017. Фота: REUTERS/Christian Hartmann

Поспех Эманюэля Макрона ў абодвух турах галасавання тлумачыцца не столькі яго падтрыманнем сярод грамадзянаў, колькі адсутнасцю іншай альтэрнатывы, акрамя ультраправых.

У гэтай прэзідэнцкай кампаніі ў Францыі некалькі рэкордаў. Першы – гэта ўзрост новага прэзідэнта Францыі. Ніколі яшчэ ў гісторыі на экранах тэлевізараў французаў а 20:00 у дзень выбараў не з’яўляўся такі малады твар. 39-гадовы Эмануэль Макрон абраны з колькасцю ў 66,06% галасоў супраць 33,94% у Марын Ле Пэн. Макрон таксама будзе самым маладым сярод кіраўніком краінаў «Вялікай дваццаткі», але толькі другім па маладосці ў Савеце Еўропы – там ёсць 38-гадовы прэмʼер-міністр Эстоніі, і пятым – сярод усіх лідараў свету.

Другі рэкорд сёлетняй прэзідэнцкай гонкі – гэта высокая лічба няяўкі выбаршчыкаў. Больш за 25% французаў сёлета не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Такой лічбы адсутнасці не назіраецца на выбарах у Францыі ўжо больш за 50 гадоў.

І яшчэ адна красамоўная рэкордная лічба – 11,5% тых, хто прыйшоў у нядзелю, кінулі ў скрыню пустыя бюлетэні.

Вялікая частка французаў галасавала не таму, што яны падтрымлівалі Макрона, але «супраць» ультраправых.

«Відавочная, але хліпкая перамога», – так называюць вынік Эманюэля Макрона ў французскай прэсе.

Таму што яшчэ адзін рэкорд гэтай выбарчай кампаніі ў Францыі ў тым, што ўпершыню нацыяналісты набіралі такія высокія лічбы падчас прэзідэнцкай гонкі. Марын Ле Пэн перамагла ў 9194 камунах з 35 549. Не пераканаў Эмануэль Макрон сталых прыхільнікаў ультраправых на поўдні і на паўночным усходзе Францыі. Каля 10,6 мільёнаў французскіх грамадзянаў падтрымалі нацыяналістку Ле Пэн, і гэта відавочна паказвае на прырост яе падтрымкі – 7,6 мільёнаў сабраў «Нацыянальны фронт» на парламенцкіх выбарах у 2015 годзе, а ў 2002 годзе на выбарах у прэзідэнты супраць Жака Шырака Марын Ле Пэн атрымала толькі 5,5 мільёнаў.

Францыя і Еўропа ўздыхнулі з палёгкай. Спраўдзілася «толькі не Ле Пэн».

«Я вельмі цешуся, што Парыж вельмі дапамог гэтай перамозе над нацыяналізмам, ксенафобіяй, расізмам і антысемітызмам. Мы мабілізаваліся вакол нашых агульных каштоўнасцяў…», – кажа Анн Ідальга, мэр Парыжу. У сталіцы Макрон атрымаў асабліва высокае падтрыманне.

«Мне вельмі палягчэла, што гэта не Марын Ле Пэн, нас мінула найгоршае. Выбралі Макрона, добра выбралі, і ён распачаў ужо парламенцкую кампанію. Але ж у нашай краіне ёсць вельмі розныя ідэі і на парламенцкіх выбарах гэта будзе відавочна», – выказаўся Жан-Крыстоф Лагард, лідар цэнтральных правых.

Паляк Дональд Таск, прэзідэнт Савету Еўропы напісаў у сваім Twitter: «Віншую французскі народ з тым, што яны абралі свабоду, роўнасць і братэрства супраць тыраніі фэйкавых навінаў».

Штэфан Сайберт, прэсавы сакратар Ангелы Меркель, таксама павіншаваў Макрона праз сацыяльную сетку: «Вашая перамога – гэта перамога для ўсёй Еўропы, моцнай і аб’яднанай, а таксама для сяброўства паміж Францыяй і Германіяй».

Марын Ле Пэн напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў казала, што на гэты раз французы будуць галасаваць не за кандыдата ад партыі, а выбіраць паміж патрыётамі і глабалістамі.

Яшчэ адно адбылося сёлета ў Францыі ўпершыню: не эканамічныя і сацыяльныя праграмы кандыдатаў, а міжнароднае пытанне: «Якая будучыня чакае Еўропу?» стала вырашальным на прэзідэнцкіх выбарах.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары