КДБ: Шаройка абвінавачаны ў шпіянажы, грамадзянін Беларусі – у дзяржаўнай здрадзе


Сёння ў Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску Камітэт дзяржбяспекі праводзіць экстраны брыфінг датычна сітуацыі з затрыманым карэспандэнтам «Украінскага Радыё» Паўлам Шаройкам.

Журналісту інкрымінуюць «шпіянаж», да гэтага моманту афіцыйных каментароў беларускага боку не было.

Belsat.eu вёў тэкставы анлайн брыфінгу.

14.15 КДБ праводзіць комплекс захадаў для высвятлення дэталяў “супрацьпраўнай дзейнасці затрыманых”. Іншая інфармацыя ў інтарэсах следства не распаўсюджваецца.

Дзмітры Пабяржын завяршыў брыфінг.

14.11 КДБ затрыманы грамадзянін Беларусі, які ажыццяўляў шпіёнскую дзейнасць у інтарэсах Украіны. Імя яго не называецца, але сцвярджаецца, што ён прызнаў віну. Яму інкрымінавалі абвінавачванне паводле арт. 356 КК РБ – “Дзяржздрада”

14.10 Адразу пасля затрымання Шаройкі спецслужба праінфармавала амбасадара Украіны ў Беларусі Ігара Кізіма і бакі прынялі рашэнне не агалошваць інфармацыю на пэўны час.

14.09 Працу Шаройкі ў РБ, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які “дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі”.

Скварцоў афіцыйна аб’яўлены персонай нон-грата.

14.08 КДБ сцвярджае: Шаройка прызнаў, што з’яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату украінскай выведкі – палкоўнікам ГУР МА Украіны і дзейнічаў пад журналісцкім прыкрыццем.

14.07 Падчас вобшуку ў затрыманага знайшлі копіі выведвальных данясенняў у “цэнтр”.

“Атрыманыя доказы яго дзейнасці, якая наносіла шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі”, – кажа Пабяржын.

14.06 У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа паводле артыкула 358 КК РБ “Шпіянаж” і прынятае рашэнне аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання яго пад вартай.

14.05 Паводле заявы прадстаўніка КДБ, “Шаройка стварыў у Беларусі агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы”.

14. 02 Пабяржын: 25 кастрычніка 2017 пры правядзенні агентурнай акцыі з палічным затрыманы кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Павел Шаройка. Шаройка працаваў пад журналісцкім прыкрыццем, сцвярджае прадстаўнік спецслужбы.

14.00 Брыфінг распачаўся. Прэс-сакратар КДБ Дзмітры Пабяржын пачынае заяву.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары