Экстраннае пасяджэнне СНБА: тэрарысты захапілі частку Дэбальцава


Сітуацыя ў раёне Дэбальцава змяняецца практычна кожную гадзіну, канстатуюць на экстранным брыфінгу ў Савеце нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

У горадзе працягваюцца вулічныя баі паміж украінскімі вайскоўцамі і баевікамі. Там пацвярджаюць інфармацыю пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы патрапілі ў засаду, а затым у палон да праціўніка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, група суправаджэння падчас дастаўкі грузу – прыняла бой. Украінскія ваенныя здаліся, калі ім ужо не было чым адстрэльвацца і баевікі знішчылі бронетранспарцёр.

 

«Тэрарысты не прытрымліваюцца рэжыму спынення агню і кругласуткава абстрэльваюць горад і ўскраіны, здзяйсняюць тэрарыстычна-дыверсійныя акты, штурмуюць пазіцыі сіл АТА, вядуць агонь па горадзе і прылеглых вёсках, спрабуючы любой цаной захапіць горад», – заявіў спікер СНБА Андрэй Лысенка.

Баевікі выкарыстоўваюць сістэмы залпавага агню, мінамёты. Усяго за содні пазіцыі сіл АТА ў дэбальцаўскім напрамку былі абстраляныя каля сарака разоў.

«Некалькі груп ворага ўварваліся ў горад і вялі баі. Баевікі атакавалі Дэбальцава штурмавымі групамі пры падтрымцы артылерыі і бранятэхнікі. У выніку частка гэтага населенага пункту сёння была захоплена незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі. Адначасова баевікі некалькі разоў штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх ваенных і штаб напрамкі. У адказ на злачынныя дзеянні баевікоў вайскоўцы ВСУ і іншыя фармаванні, якія былі задзейнічаныя ў абароне Дэбальцава, здзяйсняюць манеўры падраздзяленнямі, утрымліваючы агнём агрэсію праціўніка. Падкрэсліваем, яны маюць загад адкрываць агонь у адказ у выпадку агрэсіўных дзеянняў або абстрэлу баевікамі жылых кварталаў», – сказаў Лысенка.

За два дні «замірэння» тэрарысты абстрэльвалі пазіцыі сіл АТА больш за 160 разоў. Па дадзеных СНБА, за апошнія содні загінулі пяць украінскіх вайскоўцаў, яшчэ 9 атрымалі раненні.

ДР, belsat.eu паводле novayagazeta.ru, obozrevatel.com

Стужка навінаў