Эксперымент ДАІ: Толькі 5 % кіроўцаў дапамаглі «збітаму раварысту»


«Збіты раварыст»

Гомельская ДАІ разам з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа праверылі, ці гатовыя аўтааматары дапамагчы пацярпеламу ў ДТЗ.

Згодна з легендай, раварыст рухаўся па абочыне Чарнігаўскай шашы, нечакана выехаў на трасу і трапіў пад колы аўта. Кіроўца пакінуў месца ДТЗ, а ўладальнік ровара з адкрытым пераломам пляча, рассячэннем галавы і шматлікімі драпінамі застаўся паміраць на дарозе.

Калі эксперымент пачаўся, то першыя трыццаць аўтаў, што рухаліся ажыўленай трасай, праехалі міма. Першым адрэагаваў на ДТЗ 78-гадовы мужчына, які вяртаўся з лецішча на ровары.

Пенсіянер не заўважыў, што гэта інсцэніроўка. Пасля падышлі супрацоўнікі ДАІ і падзякавалі мужчыну за неабыякавасць.

«Ад кіроўцаў нічога асаблівага не патрабавалася. Дастаткова было патэлефанаваць у хуткую.

Аднак за амаль гадзіну з 593-ох аўтаў, што праязджалі міма, толькі 30 спыніліся. Дзесяць чалавек паведамілі пра здарэнне экіпажу ДАІ, які дзяжурыў на трасе.

Нумар 103 набралі чацвёра», – падзялілася вынікамі акцыі супрацоўніца аддзялення агітацыі і прапаганды абласной Дзяржаўтаінспекцыі Вольга Рэзвякова.

НМ, belsat.eu, паводле Sputnik.by

Стужка навінаў