Эксперымент чыгункі: месцы для курэння на вакзалах


Амаль дваццаць беларускіх вакзалаў вызначылі рэзервацыі для курцоў.

Сёння прэс-цэнтр Беларускай чыгункі паведаміў, што кіраўніцтва БЧ супольна з трыма міністэрствамі – па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, унутраных справаў – вызначылі ўмовы стварэння і патрабаванні для курыльных зонаў на чыгунцы.

Адмысловыя месцы для курэння спачатку будуць утвораныя на выбраных вакзалах. У эксперыменце ўдзел бяруць 19 гарадоў:

Асіповічы
Бабруйск
Баранавічы
Барысаў
Берасце
Віцебск
Ворша
Гомель
Горадня
Жлобін
Калінкавічы
Крычаў
Ліда
Лунінец
Магілёў
Маладзечна
Менск
Пінск
Полацк

Паралельна будзе праводзіцца інфармацыйная праца, а таксама ўзмацніцца кантроль з боку міліцыі за курцамі. Міністэрства аховы здароўя ў сваю чаргу плануе правесці на вакзалах самастойную кампанію аб шкодзе курэння. Чыгуначнікі нагадваюць, што курэнне ў забароненых месцах – адміністратыўнае правапарушэнне, якое караецца штрафам да чатырох базавых велічыняў.

Гэтымі днямі на стале ў Лукашэнкі чакае подпісу праект новага антытытунёвага закону: у ім прапісаная забарона на паленне ў грамадскіх месцах, поўная забарона на рэкламу цыгарэт, забарона на выстаўленне цыгарэт у крамах, змяшчэнне жахлівых малюнкаў на пачках і павелічэнне памеру акцызаў.

Паводле «Белстату», у Беларусі паліць амаль кожны другі мужчына і кожная дзясятая жанчына.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары